Падставы паветалізму

Алесь Аркуш, Выпрабаваньне развоем, Полацак 2000.

Эўрарамантызм — нязводная жарсьць беларускай інтэлігенцыі. Блакітнымі балотамі Беларусь глядзіць на захад. Канфрантуючыя айчынныя плыні — палітычныя ды эстэтычныя — толькі адценьні гэтай вялікай і чыстай прыязьні — збольшага непадзеленай, а таму траўмуючай. Рэгіяналам у гэтым сэнсе пашчасьціла. Узглядам крызы 1996-1997 гадоў, стагнацыйных для культуры, Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) згарнула свае сталічныя праекты, каб засяродзіцца на стварэньні рэгіянальнага культурнага кантэксту, інтэграванага ў агульнаэўрапейскую сытуацыю. Як выявілася, Эўропа рэгіёнаў — значна больш дасяжная для Беларусі рэальнасьць, чымся Эўропа нацый. „Мы набліжалі гэта сьвята як маглі”. У выніку, каб салідарызавацца сёньня з падставамі эўрапейскага паветалізму, зусім ня трэба пакідаць Малінаўку — на паліцах сяброў ужо зьявілася новая кніга А. Аркуша „Выпрабаваньне развоем”, паветалізм зь першых рук.

У адным з анонсаў зьмест згаданай кнігі быў вызначаны як „падкрэсьленая апазыцыйнасьць да сталіцы”. Пазыцыя аўтара „Выпрабаваньня развоем” сапраўды жорсткая, але адкрытая для абмеркаваньня. Беларускамоўны Мінск страчвае сёньня якасныя падставы, каб лічыцца мэтраполіяй беларушчыны, і гэта ня можа не хваляваць рэгіёны. Рэгіяналы змагаюцца зь Мінскам за Менск. Што да рэгіяналізацыі ў выкананьні ТВЛ, то яна ніколі не была нігілістычнай барацьбой дзеля барацьбы, спробай паўстаць новым Цэнтрам ці ізалявацца ў зямляцкім кляне. Рэгіяналізацыя, разгорнутая ў тэвээлаўскім праекце, зьяўляецца руйнаваньнем Правінцыі.

Падчас свайго нядаўняга наведваньня Полацку філёзаф і паэт Ігар Бабкоў сфармуляваў праблему рэгіяналаў як непрыняцьце Цэнтрам іхнай спробы рэфлексіі. Хочацца ўдакладніць — з пэўнай часіны гэта ня ёсьць праблемай рэгіяналаў, аб чым засьведчыла выйсьце кнігі Алеся Аркуша, якая знаходзіць свайго чытача бяз санкцыі сталічных пасярэднікаў. Хутчэй рэгіёны легітымуюць сёньня сталіцу — ускосна, праз „прызнаньне” апошняй рэгіянальных праектаў. Толькі „легітымуючы”, станоўча вырашаючы імкненьне рэгіяналаў да самарэалізацыі, Цэнтар легітымуецца сам у сваёй другаснай функцыі „легітыматара”. Найменш патрэбна гэта самім рэгіёнам, якія ўсьвядомілі, што Цэнтар ня ёсьць нейкай назаўжды вызначанай ідэалёгіяй, інстытуцыяй, выдаўцом, рэдактарам ці крытыкам. Сапраўдны Цэнтар у нас саміх. Для легітымацыі голасу дастаткова жаданьня прамаўляць. Што й сьцьвердзіла сваім прыкладам ТВЛ. І цяпер ужо новыя сталічныя асяродкі, каб легітымавацца самім, „легітымуюць” ТВЛ. А рэгіяналы не выпрошваюць сёньня кавалак Цэнтру, яны арандуюць яго, каб трансьляваць свае ідэі. Сталіца — гэта ранцье, што жыве з працэнтаў ад актыўнасьці рэгіёнаў.

Для ўсьведамленьня гэтай сытуацыі шмат зрабіў менавіта Алесь Аркуш, дзякуючы сваім праектам і публікацыям. Ключавое слова „развой” у назьве ягонай новай кнігі выяўляе сутнасьць зацікаўленьняў лідэра ТВЛ, якія выходзяць за межы пэўных жанраў ды эстэтычных ідэй. Алеся Аркуша цікавіць менавіта развой, жывая плынь літаратуры, ейны рух — літаратурны працэс. Нават запарваньне гарбаты ў выкананьні аўтара „Выпрабаваньня развоем” стаецца літаратурным працэсам. Магчыма, бэлетрызацыя жыцьця замінае напісаньню самой бэлетрыстыкі, але калі напішуць аматары — Аркуш выдасьць, арганізуе рэцэнзію, падрыхтуе прэзэнтацыю й маленькую заварушку — літпрацэс, адным словам.

Што незвычайна для беларускага літаратара, Алесь Аркуш забывае адмоўныя водгукі на сваю творчасьць хутчэй, чымся самі аўтары падобных рэцэнзіяў. Магчыма, гэта дае яму права спадзявацца на падобную ж рэакцыю з боку іншых — ужо ў адказ на яго ўласныя саркастычныя рэплікі, кшталту „ЛіМаўскага” артыкулу „Ці ўлічыць вопыт „Тутэйшых” найноўшая генэрацыя?” Досьвед Алеся Аркуша сапраўды заслугоўвае вывучэньня. Не сакрэт, што пераважна па перакладах творчасьці сяброў ТВЛ замежны чытач мае ўяўленьне аб новай беларускай літаратуры. Тэвээлаўцы здолелі патрапіць у збытковую інфармацыйную прастору Забужжа. Іншае пытаньне — якім коштам гэта дасягаецца. Магчыма, коштам перавагі эмацыйнага, фактурнага пачатку над рэфлексіяй, як уважае Валянцін Акудовіч, магчыма — засільлем жанру „чарнавікоў”, рэплікаў на палёх. Алімпійскі прынцып „не перамагаць, а ўдзельнічаць” робіцца актуальным і для літаратуры. Да творчага фінішу, як у аўтагонках, пераможцам прыходзіць той, хто элемэнтарна даходзіць да гэтага фінішу. Прамежкавы вынік робіцца вызначальным, бо як ніколі сучасныя літаратары разьлічваюць на Вечнасьць, а ў апошняй па самім вызначэньні ня можа існаваць канцовай асады. Той, хто выходзіць рэгулярна на прамежкавыя фінішы, у сукупнасьці будзе першы. Ужо можна меркаваць — Алесь Аркуш ёсьць першым вольным літаратарам ХХІ стагодзьдзя. Покуль іншыя зьбіраюцца бегчы, ён нясьпешна ідзе. Аркуш дойдзе.

ТВЛ застаецца ўзорам пасьпяховай культурнай прамоцыі й па сёньня. У чым сакрэт гэтай пасьпяховасьці? Магчыма, у тым, што „нонканфармізм” для Алеся Аркуша й ТВЛ быў ня проста рэклямным слоганам. Артыкулы „Спроба маніхвэсту”, „Выпрабаваньне развоем”, „Шлях да вольнай літаратуры” — паўставалі на палёх ужо зьдзейсьненых праектаў. Алесь Аркуш рэалізаваўся як ідэоляг беларускай альтэрнатыўнай літаратуры рэтраспэктыўна — камэнтарамі да ягоных тэкстаў служаць зьдзейсьненыя праекты. Удзельнічаючы ў кожнай больш-менш істотнай літаратурнай дыскусіі апошняга дзесяцігодзьдзя, аўтар „Выпрабаваньня развоем” стаўся пасьлядоўным выразьнікам рацыі рэгіёнаў. Што да апошняй кнігі, то яна зьяўляецца пазнавальным, але камплімэнтарным партрэтам прамінулага дзесяцігодзьдзя — засвоіўшы ілюзіі пакаленьня „самазанятых інтэлектуалаў”, аўтар кнігі пазьбегнуў іхных расчараваньняў. Але наўрад ці нейкі сучасны аўтар можа прэтэндаваць на вычарпальнае выяўленьне „новай культурнай сытуацыі” — кожная чарговая кніга ставіць сваю кропку ў шматкроп’е эпохі...

Сяргей ШЫДЛОЎСКІ, Наваполацак


English resume   |   prezentacja w jez. polskim   |   беларускі зьмест   |   лучнасьць з рэдакцыяй