Enter English resume of the issue
Wejscie do prezentacji numeru w jezyku polskim
У заблукалішчах кантэкстаў Ігар Бабкоў, Адам Клакоцкі і ягоныя цені, Менск 2001. Пасьля выхаду кніжкі Ігара Бабкова „Адам Клакоцкі і ягоныя цені” беларусаў можна павіншаваць — нарэшце і мы прычакалі першага постмадэрнісцкага раману ў нашай мове, хоць нам не пашчасьціла займець ніводнага мадэрнісцкага.Было спадзяваньне на нешта такое — „постмадэрнісцкае” — з самага пачатку 90-х, калі наша прыгожае пісьменства паціху вымкнулася з асатанела-задушэўнага сэміялягічнага прыгону старэйшага брата і спрабавала пакрыёма прынюхвацца да павеваў зь іншых кірункаў. Бабкоў быў кандыдатам нумар адзін у постмадэрнісцкія аўтары, бо пісаў ён дастаткова складана і няўцямна, — пра што засьведчыў ягоны першы паэтычны томік Solus Rex (1992), — і ў такой трывожлівай манеры, якая намякала на нейкія глыбінна-страшныя віры пад цёмнай паверхняй мовы. І глыбінёю жахлівай пужае забытая мова, сьцьвярджаў Бабкоў, і мы ахвотна зь ім пагаджаліся, бо й самі ўжо былі трохі замачыўшы ногі ў каламутных струмянёх, што плылі наўзбоч ці насуперак адмэліяраванай канавы беларускае сацрэалістычнае пісьменнасьці. У дадатак, характарам Бабкоў ня надта каб пасаваў да кантэксту пост-бээсэсэраўскага асьветніцкага ўздыму сярод так званай сьвядомай інтэлігенцыі, якая аптымістычна ўзялася прывучваць народ да ягонай новай, сувэрэннай долі. Бабкоў ёсьць тыпам самазаглыбленага самотніка, якога лёгка ўявіце над келіхам віна за кавярняным столікам або ў нешматлюднай спрэчцы недзе на мастакоўскім падстрэшшы, але ніяк не паставіце на купалаўскім сьвяце паэзіі ў Вязынцы, каб ён прачытаў свой верш пра шостага патрыярха паўднёвакітайскай школы зэн-будызму дзядзьком і цёткам з навакольных калгасаў. Народ памёр, сказаў аднойчы Бабкоў, што, акрамя ўсіх іншых сэнсаў, мела і той утылітарны: больш толку будзе, калі заняцца адукацыяй ня мёртвых мазгоў, а тых, што нараджаюцца і хочуць жыць. Увесь ланцужок ініцыятываў і заняткаў Бабкова ў мінулым дзесяцігодзьдзі — Цэнтар Эўрофорум, часопіс „Фрагмэнты”, Беларускі Калегіюм — быў прысьвечаны якраз такому „антынароднаму” памкненьню стварыць у Беларусі з нуля „постмадэрнісцкую тусоўку”, якая займела б схільнасьць да сузіраньня як нацыянальнага лёсу так і штодзённага, датыкальнага досьведу перш за ўсё ў мэта-фізычнай пэрспэктыве. (Гэтая пэрспэктыва ўдакладнялася зь цягам часу і называлася па-рознаму: „эўрапейская”, „цэнтральнаэўрапейская”, „посткаляніяльная”.) Прынагодным вынікам гэтага памкненьня сталася стварэньне кола чытачоў, якому можна было прапанаваць такія тэксты як „Матар’ялы да жыцьцяпісу Адама Клакоцкага”. Мушу адразу заўважыць, [што] менавіта прабелы, — між словамі, між аповедамі, і нават між літарамі — мусяць быць прачытаныя найбольш уважліва, бо менавіта прабелы, недагаворанае, і даюць у гэтай кнізе сапраўдны ключ да разуменьня цэльнасьці ўсяго тэксту, — перасьцерагае нехта Францішак Эн. у нечым накшталт літаратуразнаўчага камэнтару да кніжачкі (якая суправаджаецца таксама дзьвюма ўводнымі зацемкамі і двума эпіграфамі ды, як і належала спадзявацца ад стваральніка „Фрагмэнтаў”, мае скрайне фрагмэнтарную структуру). З аднаго боку, аўтаіранічныя камэнтары належаць да тыповага набору постмадэрнісцкага наратыву, у якім чытачу часьцяком прапануецца ўсумніцца ў існаваньні як аўтаномнага аўтара так і аўтаномнага тэксту. Бабкоў — то бок, ягоны неаўтаномны alter ego, Францішак Эн. — прапануе ўсумніцца ва ўсім наогул, называючы сваю/ягоную кніжачку „дзесяцьцю мэдытацыямі з нагоды неіснаваньня сьвету”. З другога боку, вышэй працытаваная перасьцярога нагадвае лішні раз, што мы маем дачыненьне з тэкстам, які не вычэрпваецца, так бы мовіць, толькі сваёй тэкстуальнасьцю, а праграмна скіроўвае свае сэміялягічныя пасылы ў абшары кантэкстаў, што застаюцца ў прабелах і абавязкова патрабуюць да-прачытаньня ў іншых тэкстах. Гісторыя пад назвай „Магдачка” знакаміта ілюструе гэткую „эканомію пісьма”, дзе згаданым адсутнасьцям тэксту і прагалам наканавана выконваюць самую актыўную ролю. На паверхні — усё даволі проста. Наратар распавядае, як яму ўдалося высьветліць таямніцу аднаго здарэньня зь ягонага дзяцінства, калі ён, жывучы ў бабулі на хутары, аднойчы вечарам убачыў, як зь неба падае мёртвая парашутыстка. Пакуль дайсьці да прасьвятленьня, ягонае жыцьцё праходзіць праз фазы дысыдэнцтва (наратару выдаюць паэтычны томік Арфэй у пекле за мяжою), нармалізацыі (наратара саджаюць у савецкую вар’ятню) і стабілізацыі (наратар працаўладкоўваецца як архіварыюс). Прасьвятленьне адбываецца ў „забытым правінцыйным гарадку ў штаце Нью Джэрсі” ўжо ў нашу эпоху, калі стала магчыма пабачыцца з „тымі зь Нью Джэрсі”. Калі каму трэба, „Магдачку” можна ўспрымаць у кантэксьце ідэалягічнай спрэчкі з савецкай „шпіёнскай тэмай”, якая ў беларускім пісьменстве ня надта каб выкаласілася асобным ад савецкага загончыкам, ды ўсё ж заўважна прысутнічае, прыкладам, у архетыпных „Палескіх рабінзонах”. Канкрэтна бабкоўскі „парашутысцкі матыў” раней закранаўся ў такіх выданьнях як „Па воўчых сьцежках” (па-беларуску) і „Квадрат Б-52” (па-расейску). Асабліва ўражвае ў іх, што кадэбэшным прапагандыстам так і не ўдалося ўцямна растлумачыць, якую ж гэта страшную выведніцкую мэту мелі тыя парашутысты, скінутыя ў беларускія лясы і хмызы. Міжвольная выснова з такіх публікацый — цээрушнікам конча трэба было дазнацца, колькі насамрэч кароваў і падсьвінкаў гадуецца ў беларускіх калгасах — гучыць даволі непераканаўча, каб не сказаць — абсурдна. Нічога ўцямнага таксама не вынікае з кніжкі The Very Best Men (Simon & Schuster, 1995) журналіста Newsweek’а Івэна Томаса (Evan Thomas), якому ў пачатку 1990-х ЦРУ дазволіла ўпершыню пагартаць папкі сваіх сакрэтных апэрацый з пачатку 1950-х. Маўляў, ЦРУ высылала парашутыстаў (ня толькі ў Беларусь, але і ў Прыбалтыку ды на Ўкраіну) дзеля таго, каб выйсьці на сувязь і скаардынаваць дзеяньні антысавецкага збройнага супраціву ў памянёных падсавецкіх краёх. Выйсьці на істотную сувязь (і ўстанавіць, ці ўвогуле існаваў нейкі супраціў) не ўдалося, а ўсе тыя разьведвальныя групы былі даволі хутка пералоўленыя і ліквідаваныя савецкімі МУС і КДБ (у значнай ступені дзякуючы інфармацыі ад савецкага супэрагента ў брытанскай разьведцы Кіма Філбі). У гісторыі ЦРУ і Халоднай Вайны акцыя з парашутыстамі засталася як мілітарна экстравагантны і зусім неістотны эпізод. У пачатку свае дзейнасьці ЦРУ мела шалёныя грошы і ідэі, але ні на грош досьведу ў савецкіх справах. Самым няясным і адначасова цікавым падаецца пытаньне матывацыі тых маладых людзей, ваенных уцекачоў ад саветаў, якія добраахвотна пагадзіліся прайсьці неабходнае навучаньне і вярнуцца туды на парашутах. У „Вяртаньні нацыяналіста” (Менск, 1997) Аляксандар Лукашук фармулюе гэтую матывацыю — у адносінах да Янкі Філістовіча ў прыватнасьці і да ўсіх іншых беларускіх парашутыстаў у агульнасьці — з гледзішча „беларускага нацыянальнага фундамэнталізму”: у беларусаў ёсьць свая айчына, асобная ад савецкай, і зь верай у сэнс змаганьня за яе вярнуўся на парашуце „нацыяналіст”. Ягоная ахвяра, цьвердзіць Лукашук, не была дарэмнай. Бабкоў у „Магдачцы” пакідае палітычна-ідэалягічны вузел „парашутысцкай праблемы” па-за кадрам — хоць ён, натуральна, актыўна прысутнічае ў пастуляваных прабелах — і пераносіць дыскурс зь ідэалягічнага вымярэньня ў псыхалягічна-эстэтычнае. Мы ўсе тут шукаем чагосьці іншага, завем адзін аднаго забытымі мёртвымі імёнамі, якія ўсё яшчэ жывуць у нас — гэта зь дзёньніка Магдачкі, калі яна была там, на Захадзе, і адчайна нечага шукала, таксама ў абдымках шэрагу мужчын. На нейкі час, па волі аўтаномнага наратара І. Бабкова, Магдачка стае каханкай нямецкамоўнага жыдоўскага паэта Паўля Цэляна, які, як і яна, таксама быў вымушаны пакінуць сваю радзіму. Ён, дарэчы, не спрабаваў вярнуцца. Але, таксама як і гераіня Бабкова, выбраў скачок у цямрэчу. У нас, беларусаў, наўрад ці ёсьць агульная радзіма, кажа Бабкоў. Хутчэй за ўсё, некаторыя з нас носяць асобную, прыватную радзіму ў сваім сэрцы. Затое ў нас было агульнае пекла, па якім бадзёра маршыравалі піянеры. У тое пекла аднойчы ўпала зь неба мёртвая Эўрыдыка — у гэтай „вывернутай” антычнай мэтафары Бабкоў спрабуе перадаць павеў таемнага фаталізму, які ўсе „беларускія праекты” мінулых і цяперашніх часоў закінуў на паліцы Архіву Клакоцкага. Герой і наратар апавяданьня, які намагаўся стаць Арфэем, пасьля пяцьдзясяткі даўмеўся, што [тое] ўтульнае пекла, з сваімі аўтобусамі і тралейбусамі, піянерамі і палкоўнікамі, з словамі, якія нешта значылі, і кнігамі, якія былі напісаныя крывёю, — усё гэта засталося толькі ў маёй памяці. Не йснуе нешта такое як агульная памяць і агульнае выратаваньне. „Магдачка” — выдатная гісторыя, вартая таго, каб уключыць яе ў канон беларускага апавяданьня. Я спэцыяльна запыніўся на гэтай гісторыі, таму што іншыя знакамітыя рэчы ў кніжцы Бабкова — прыкладам, „Менская опэра”, „Матар’ялы да жыцьцяпісу Адама Клакоцкага”, „Стары сябра з Захаду” — былі вядомыя беларускаму (і польскаму) чытачу значна раней, у часопісных варыянтах. Як той казаў, яны ўжо ўдастоіліся належнай увагі і ацэнкі. Аматараў інтэлектуальных гульняў і блуканьняў па іншых кантэкстах эўрапейскай культуры і гісторыі, магчыма, не падвядуць і астатнія фабуляцыі Бабкова ў ягонай дэбютнай кніжцы прозы. Мяне асабіста крыху расчаравалі „Кафэ У Топія” і „За фіранкамі”, дзе аўтар празь меру патурае сваёй схільнасьці „інтэлектуалізаваць” сваіх герояў, так і не знаходзячы тае шчымлівае ноткі, якая гучыць у „Магдачцы”. Але, як кажуць, кожнаму сваё. Закончу гэты тэкст без папрокаў, аптымістычна: casus Бабкова ў беларускай літаратуры пацьвярджае значна агульнейшую ісьціну, якая кажа, што не абавязкова трэба пісаць, каб стацца важным пісьменьнікам. Часам дзеля гэтага хапае ўмела расставіць прабелы. Ян МАКСІМЮК, Прага |