Басовішча: выйсьце з анкляву

Аляксандар Максімюк

Слова Басовішча ўпершыню прамовіў Алег Латышонак 2 сьнежня 1989 г. вечарам у Бельску-Падляскім. Дабівацца патэнту на яго аўтар ня стаў. І добра, бо слова атрымалася настолькі ўдалым, настолькі беларуска-кшталтным, што й павінна быць не прыватнай, а агульнабеларускай уласнасьцю. Афіцыйна слова мелася перакладацца на польскую мову як Basowisko (націск на „і”). Так прынамсі думалася сябрам Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў (БАС), якія ў палове ліпеня 1990 году арганізавалі першы Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі. Гэты пераклад, аднак, не прыняўся. Наогул прачуленыя на пункце сваёй польскасьці ды этнічнай і моўнай чысьціні беластоцкія палякі тут глынулі нашае беларускае Басовішча жыўцом. Яны і сталі так казаць, прычым пераважная бальшыня ставіць націск на „і”. А паколькі ў польскай мове канчатак „-а” асацыюецца з множным лікам, палякі — камічна для беларуса — пытаюцца: Калі адбудуцца (odbeda sie) Басовішча?

Для мяне нашая беластоцкая беларуская гісторыя падзялілася на пэрыяды да й пасьля ўзьнікненьня Фэстывалю Басовішча.

Такое музычнае мерапрыемства не змагла б прыдумаць ды арганізаваць ніякая іншая сябрына як толькі Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў у Польшчы. Тут неабходна адно растлумачэньне для нашых закерзонскіх суродзічаў. Калі пішу гэтыя словы, у вышэйшых вучэльнях майго роднага Беластоку — як і ў шмат якіх іншых гарадах Польшчы — вучацца беларусы (выхадцы, палітычныя эмігранты) з Рэспублікі Беларусь. Той жа БАС, Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў у Польшчы, пра які ідзе расповед, ня мае ніякага дачыненьня да студэнтаў зь Беларусі. Арганізацыю стварылі студэнты-беларусы, грамадзяне Польшчы, у пачатку 1980-х гадоў, на першай хвалі пераменаў у краіне. БАС быў першай і адзінай незалежнай беларускай грамадзянскай ініцыятывай у пасьляваеннай Польшчы, якая здолела дабіцца юрыдычнага прызнаньня яшчэ ў эпоху сацыялізму — 29 лістапада 1988 году. Тое імкненьне да сваёй студэнцкай арганізацыі можна сёньня найагульней растлумачыць прагай маладога пакаленьня беларусаў выйсьці па-за ўстаноўлены дзяржавай рэглямант для дзейнасьці нацыянальных меншасьцяў. Той рэглямант зачыніў беларусаў у іх фальклёрным анкляве — бяз пунктаў сутыку з астатняй часткай грамадзтва. Быццам бы тыя беларусы ў Польшчы жылі, але фактычна іх як бы і не было. Я не сумняюся, што сярэднестатыстычнаму паляку ў той час беларус мог уяўляцца як істота з чацьвертага вымярэньня.

У час станаўленьня маладой польскай дэмакратыі, калі ўжо было можна дзейнічаць — пачатак 1990-х — узьнік яшчэ дзясятак беларускіх суполак у Польшчы, якія за наступнае дзесяцігодзьдзе прыклалі шмат высілку, каб скарэктаваць вобраз беларуса ў польскім грамадзтве, даказаць і паказаць, што гэта не істоты зь іншага вымярэння. І ўсё ж не пакідае мяне думка, што выхад з анкляву не адбыўся...

Зьявілася болей беларускіх часопісаў і кніжак, пабольшала разнастайных фэстаў, але не адбылося істотнага пашырэньня публікі. Тое пашырэньне, не сакрэт, магло адбыцца толькі за кошт палякаў. Але выявілася, што беластоцкія палякі беларускага ня хочуць ні чытаць, ні слухаць, ні глядзець...

Ёсьць, аднак жа, адно-аднюсенькае выключэньне. Гэта Басовішча, Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі.

У лясным урочышчы Барык пад Гарадком на Беласточчыне ўжо другую дэкаду сустракаюцца маладыя палякі і беларусы, каб паслухаць канцэртаў рок-гуртоў, папіць піва, парасказваць анэкдоты, ці проста пашвэндацца бяз дай справы. Маладым палякам, там ва ўрочышчы Барык, Беларусь і беларусы — гэта краіна й народ, якія выдалі на сьвет „Уліса”, „Мрою”, „Мясцовы час”, „Краму”... Гурты, дзеля якіх варта прыехаць з супрацьлеглага кутка Польшчы ды вытрымаць два-тры дні палявога-баявога жыцьця. Апошнімі гадамі на Басовішча запрашаюцца і польскія гурты зь першай лігі. І хаця гуртам тым ня трэба перасякаць ніякіх дзяржаўных межаў, каб патрапіць на гэты беларускі фэст, яны абавязкова завучваюць некалькі папулярных зваротаў па-беларуску, якія потым кідаюць у публіку са сцэны ў час канцэрту.

Незварушныя межы-муры ў польска-беларускіх дачыненьнях на Беласточчыне досыць лёгка абрынуліся ад дотыку поп-культуры.

Басовішча ў нашым беластоцкім мікракосмасе стала падзеяй настолькі незвычайнай, што адразу спарадзіла параўнаньне з фэстывалем Вудстак. Параўнаньне гэтае — залежна ад геаграфічных каардынат суразмоўцаў — выклікае іранічную ўсьмешку або эйфарыю. Ды ўсё ж яно ўсплывае ў Барыку ці ня кожны год. Падаецца аднак, што падабенстваў паміж гэтымі двума фэстывалямі значна менш, чым розьніцаў. Абодва фэстывалі разьдзяляе часавая прорва ў дзьве дэкады. Той фэстываль адбыўся, калі ЗША вялі вайну ў Віетнаме, ды мусіў стацца палітычным пратэстам супроць яе. У сацыяльным вымярэньні, амэрыканская моладзь адпрэчыла стыль жыцьця сваіх бацькоў, прадэманстравала нонканфармізм. Музычна, Вудстак стаў адбіткам сваёй эпохі, ці лепш сказаць — невялікага прамежку ў разьвіцьці поп- і рок-музыкі. Наш фэстываль упершыню прагучаў, калі бээсэсэраўская Беларусь і беларусы нясьмела пачыналі будзіцца да нацыянальнага жыцьця. Гэты нацыянальны чыньнік і здамінаваў усе іншыя. Нам трэба перш за ўсё стацца народам, а потым уладзім усё астатняе — гэткая дэклярацыя выказвалася гасьцямі зь Беларусі на ўсе лады. Паветра ў Гарадку ў палове ліпеня насычвалася нацыянальным духам і флюідам. Гэткім паветрам лёгка дыхалася і нам, беластоцкім беларусам.

У музычным вымярэньні, Басовішча — фэстываль моцна эклектычны. На ім дэманстраваліся ўсе музычныя жанры і... эпохі — ад старажытных народных напеваў праз бардаў, клясычны рок-н-рол і гард-рок да какафоніі нашага часу. Можна сказаць і так — Басовішча было спробай узяць магутны разгон і ў два канцэртныя ліпеньскія вечары кампэнсаваць усе прамінулыя дзесяцігодзьдзі няіснай беларускай поп-культуры.

„Уліса” мы тут пакахалі, што аж страх. Мала таго, да гэтай любові ў пачатку 90-х мы прымусілі і нашых супляменьнікаў у Беларусі. Калі ў першай палове 90-х у Гарадку выступалі „Мроя”, „Крама”, „Мясцовы час”, то падсьвядома нешта нам казала, што ў музыцы той гучыць рэха папярэдніх дэкадаў, а вось калі выходзіў на сцэну „Уліс”, дык зьяўлялася цьвёрдая ўпэўненасьць, што беларуская рок-музыка дагнала і мастацкі, і гістарычны час.

Дзяліць наш беластоцкі лёс на час да й пасьля ўзьнікненьня Басовішча мае свой сэнс. Ніводная іншая ініцыятыва не прымусіла палякаў прыйсьці, паглядзець, паслухаць, што робяць беларусы, і... схіліць галаву. Красамоўна сьведчыць аб гэтым прэзэнтацыя Басовішча ў польскамоўнай беластоцкай прэсе. Пачалося з таго, што Басовішча ў мясцовай польскай прэсе ілюстравалася прыблізна такім здымкам: на лузе карова, у каровы ўзьняты хвост, з-пад хваста выцякае струмень мачы, пад фоткай супэрінтэлігентны подпіс, які зьвязвае яе зь беларускім рок-фэстывалем у Гарадку. Закончылася справа тым, што цяпер гэтыя ж самыя газэты трымаюць над Фэстывалем патранат ды называюць яго найвялікшым, адзіным, унікальным, etc., etc.

Сёньня дзеля ліквідацыі наступстваў Басовішча было б замала і пяці міністэрстваў, у той час як вынікі астатняй нашай актыўнасьці на Беласточчыне можна пасьпяхова нэўтралізаваць пры дапамозе аднаго грузавіка — арыштаваць тыражы ўсіх кніг, часопісаў і... do widzenia.

Басовішча для маладых беларусаў і палякаў — частка іх рэальнага, непазбыўнага сьвету. Лёсы маладых беларусаў і палякаў сутыкаюцца ў палове ліпеня ў Гарадку і перакрыжоўваюцца — у сутыкненьні гэтым няма ні каліва падвойнай маральнасьці, так характэрнай іншым плятформам узаемадачыненьняў. Грамадзка-палітычны эстаблішмэнт Польшчы — асабліва нашага ваяводзкага ўзроўню — у сваім палітычным мысьленьні ні крышачкі ня выйшаў па-за тыя рамкі, якія калісьці нацыянальным мяншыням намеціў і без малога 50 гадоў дапрацоўваў сацыялізм. Гэткая ўзаемная адкрытасьць маладых палякаў і беларусаў звычайна ня ўпісваецца ў іхную карціну. Дык да ўсяго сказанага трэба дадаць і тую акалічнасьць, што Басовішча спараджае таксама нямала супраціву сярод усіх тых, хто нацыянальныя меншасьці найахвотней запёр бы назад у фальклёрнае гета.

Пэўную частку публікі ў Гарадку — у апошнія гады яна ўсё павялічваецца — складае моладзь зь Беларусі. Успрыманьне Басовішча ёю моцна адрозніваецца ад нашага, беластоцкага. Закерзонская беларуская моладзь прывозіць з сабою на фэст у Гарадку палітычныя ідэі і атрыбутыку, у чым і няма нічога дзіўнага — нам жа трэба перш за ўсё стацца народам... Дзівацтва сытуацыі ў тым, што нашым палякам і праз мазгі ня пройдзе, што грамадзтва, у якім узгадаваўся такі гурт, як, скажам, „Н.Р.М.”, усё яшчэ ня стала народам у сваёй сувэрэннай дзяржаве.

Басовішча дало нам, беластоцкім беларусам, шмат у інтэлектуальным сэнсе. Яно сталася мастом, па якім мы здолелі выйсьці бязь лішніх тлумачэньняў у шматлікія асяродзьдзі сваіх польскіх аднагодкаў і дзякуючы якому змаглі наладзіць культуралягічны дыялёг зь імі на роўных правах. Басовішча, праграмна не прэтэндуючы на нейкае выключнае месца ў беларускім культурастваральніцтве, усё-ткі займела яго — як выказьнік настрояў і памкненьняў Маладой Беларусі. Басовішча нікога й нічога ня збавіць. Але яно ёсьць доказам, што беларусам часамі ўдаецца своечасова дасьпець і пасьпець за часам, ухапіцца за яго вастрыё.

Пра Басовішча ў Тыднёвіку Беларусаў у Польшчы „Ніва”

Месца на фэстываль падыйшло, як трэба. Па-мясцоваму называецца яно Барык, што тлумачыцца па-амэрыканску: Вудстак. Пагода, нібы па заказе: аксамітны летні вечар. Графічны сымбаль фэстывалю — выява сьвіньні з крыламі ў белым полі (лыч зь левага боку, трохі скосам на гледача). Калі асэнсаваць гэтыя рэчы агулам, то ў рэшце рэшт можна й выбачыць студэнтам, што яны назвалі сваё „Басовішча” па-камсамольску: Фэстываль Музыкі Беларускай Моладзі. Калі я быў спахапіўся і прапанаваў адзіную адпаведную назву — Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі, — было ўжо запозна: студэнты шпарнулі тысяч колькі афішаў з анонсам імпрэзы. Маладосьць, маладосьць...

Дзень першы, 13 ліпеня. Меўся быць канцэрт аўтарскай і бардаўскай песьні... Але ж барды не даехалі! Аднекуль нехта прынёс зьвестку, што менскія выканаўцы запыніліся ў Брэсьце і мітынгуюць. Так?! Значыць, на Гарадок ім напляваць?.. Тхнула духам узаемнага беларускага непаразуменьня... Праграму трэба было перайначваць. Я зразумеў, што ўсё ідзе звычайна, так як і належала спадзявацца. Прыехаў самаходам Пётр Скепка і паставіў на сцэне апаратуру. Мастацкі кіраўнік фэстывалю, Бася Кучынская, якая ўжо ад раньня хварэла ад хваляваньня, раптам аправілася і нанава зрэдагавала праграму. Учыніла мужнае намаганьне запанаваць над хаосам і празьмерным ростам арганізацыйнай энтрапіі або, як кажуць амэрыканскія беларусы, палагодзіла балаган.

На зьмярканьні хлынула ў Барык публіка. Ужо раней моладзь, якая прыехала сюды на тры дні, расставіла палаткі на пляцоўцы каля пагранічнай заставы. Мясцовыя прыйшлі пазьней, але таксама на добрыя гадзіны дзьве перад пачаткам імпрэзы, каб скаштаваць піва. Нейкі недабразычлівец „Басовішча” пусьціў плётку, што гарадоцкі войт забараніў продаж піва. Нібыта таму, што людзі купляюць міхалоўскае, а гарадоцкага напою ніхто не бярэ... Аксамітны летні вечар захмарыўся на момант сутыкненьнем драпежных капіталістычных інтарэсаў.

(...)

Фэлікс Аксёнцаў прачытаў сваім трагічным голасам кавалак пра чайкі, якія лёталі туды-сюды над галавою дублінскага Уліса — Леапольда Блюма. І на сцэну выйшаў менскі „Уліс”... Раптам зрабілася цесна ў Барыку. Пачалася нейкая фантасмагорыя пад гарадоцкім небам. Гэта „Бясовішча”, акрэсьліў тое, што дзеялася на сцэне і сярод публікі, менскі пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Фактычна, гэтага нельга апісаць пяром. Агульнае шаленства. Публіка „завялася” зь першай песьні і трывала ў экстазе да апошняй. А хлопцы давалі жару, атручваючы юныя душы разбуральным, радыкальным, экстрэмісцкім, урбаністычным, старажытным рокам...

Трохі перадышкі, і на сцэну выйшла „Мроя”. Трэба было не абы-якой вытрымкі, каб разбавіць атруту „Уліса” і падсыпаць сваёй. Але „Мроі” гэта ўдалося. Хлопцы зайгралі канцэрт, як у гіпнатычным трансе. Мяне асабіста ашаламіў сваімі сцэнічнымі магчымасьцямі вакаліст і клявішнік гурту Лявон Вольскі, раз драпежны і напорысты, раз іранічна-лірычны і сарамяжлівы... „Мроя” поўнасьцю выявіла свае калясальныя магчымасьці і пасеяла ў душах беластоцкіх рок-фанаў зерне раздвоенасьці: „Уліс” ці „Мроя”?

Ян Максімюк, „Ніва”, 12.08.1990

На „Басовішчы” загучала сучасная музыка. Сучасная, бо створаная ў сучасны момант. Сучасная ў разуменьні сучаснай формы. Сучасная ў разуменьні сучасных праблемаў. Сучаснай была таксама публіка, якая ўспрымала гэтую музыку не як водгук далёкага дзяцінства, а як частку свайго сучаснага жыцьця.

Пра публіку можна агульна сказаць, што была яна маладая і бяз комплексаў. Ня мае значэньня, ці складала яе моладзь гарадзкая, ці вясковая, паколькі ўсе агулам прэзэнтавалі адзін тып пост-індустрыяльнай культуры. Усе яны зьявіліся на „Басовішчы” ў пошуках нейкай формы выяўленьня сваіх пачуцьцяў. Некаторыя зь іх штодзённа карыстаюцца польскай мовай, але толькі адзінкі, як думаю, адносяцца да сваёй нацыянальнай тоеснасьці абыякава.

Немалую частку публікі складалі госьці з БССР. Хаця відаць была розьніца ў паводзінах паміж імі і беластаччанамі, то ў агульнасьці выявілася аднолькавая форма ўспрыманьня рэчаіснасьці і маніфэставаньня жыцьцёвых паставаў. Каторы ўжо раз аказваецца, як слабой, у сэнсе культурастваральным, была камуністычная сыстэма.

Валянцін Сельвясюк, „Ніва”, 19.08.1990

Суботні канцэрт, без удзелу чарады пачаткоўцаў, быў клясны. Нялёгкае заданьне мела гарадоцкая „Брага”, выступаючы між „Крамай” i „Улісам”. Калі зайграла „Крама”, a яшчэ пазьней „Houk” з Варшавы, паднялося на ногі ўсё „Басовішча”. A было на ім больш за тры тысячы людзей. У натоўпе сустракаліся жыхары самых далёкіх куткоў Беласточчыны. Мы чулі, што Орля i Мілейчыцы ў той час зусім апусьцелі з моладзі.

„Басовішча” гэта амаль адзіная рок-імпрэза, на якой нядрэнна гуляюць i старэйшыя. Цэлаю раднёй сядаюць на траве, расьсцілаюць абрус, дастаюць соленыя гуркі і... гуляй душа!

— Наша „Басовішча” ўжо амаль як Яроцін, — горда паўтаралі мясцовыя між кускамі вэнджанай каўбаскі.

Гарадок сьвяткаваў. Людзі спэцыяльна да фэстывалю рыхтаваліся, мылі вокны, рабілі большыя пакупкі, запрашалі гасьцей. Сьвяточную атмасфэру псавала толькі „мошка”, якая выбірала з гародаў цыбулю.

— То ўжо такі звычай, — махнуў на гэта рукою дзядзька ў краме, шчасьлівы ад навалы кліентаў.

Мікалай Ваўранюк, Ганна Кандрацюк, „Ніва”, 30.07.1995

Не спадабалася манаполія бровару „Дайліды”, хоць беластоцкае піва я, у прынцыпе, паважаю. Не спадабалася, бо мне наогул не падабаецца ніякая манаполія. І яшчэ таму, што над сцэнай, у месцы, дзе заўсёды вісеў надпіс „Басовішча”, сёлета чамусьці красаваўся „Dojlidy”. Надпіс зьнік, калі „Illusion” адмовіўся пад ім выступаць. Маўляў, мы не камэрцыя, (бо, вядома, 50 мільёнаў за канцэрт, гэта ж ніякая камэрцыя) што і крычалі са сцэны гэтыя рокеры, побач шмат якіх брыдкіх слоў.

Вось, якраз колькасьць вульгарызмаў, якія ўпалі са сцэны, таксама не спадабалася. Тры гады таму адзін непрыстойны выраз быў найбольшым скандалам у гміне на працягу некалькіх тыдняў, а гурт, дзякуючы яму, увайшоў у гісторыю „Басовішча”. Сёлета словы, якія пачынаюцца на „х” і „п”, лёталі між соснаў Барыку быццам райскія птушкі і ніякага ўражаньня не выклікалі.

Станоўчым выключэннем, на першы погляд брыдкага выразу, быў паўтораны некалькі разоў вокліч Крыстафора Сяськевіча: „pieprzyc iluzje”! Алюзія (выбачайце за калямбур) атрымалася аж надта выразная, а лідэр „Кардону” яшчэ раз пацьвердзіў, што інтэлігенцыяй б’е калегаў зь іншых гуртоў прынамсі ў некалькі разоў (як і здольнасьцю завязаць дыялёг з публікай).

Не спадабаліся п’яныя ўжо перад канцэртамі падлеткі.

Не падабаецца, што сярод публікі амаль зусім няма ўжо людзей зь Беларусі. А можа сапраўды — гэта Фэстываль Музыкі Маладой Беласточчыны „Dojlidy”?

Мікалай Ваўранюк, „Ніва”, 28.07.1996

На „Басовішчы”, за сем гадоў фэстывалю, рознае было: перабоі з электрычным токам, затрымка дзесьці на мяжы музыкантаў зь Беларусі, дождж. Але такія крайне неспрыяльныя ўмовы як сёлета здарыліся ўпершыню. Спачатку прэзыдэнт Квасьнеўскі аб’явіў пятніцу 18 ліпеня днём агульнанацыянальнай жалобы па ахвярах паводкі на поўдні Польшчы. Імпрэзу давялося перакладаць на наступны дзень. Такім чынам, у суботу атрымаўся музычны маратон, ад дзясятай раніцы і праз усю ноч.

Нячаста (калі наогул) рок-канцэрты пачынаюцца перад поўднем. Сабраным у падгарадоцкім Барыку фанам, аднак, гэта мала перашкаджала. Адразу пайшлі пад сцэнай у шалёны танец-pogo, зь бязважкімі ўзьлётамі і балючымі, усё ж такі, падзеньнямі. І не паўстрымала іх нічога — ні стома, ні працяжны дождж, якога „Басовішча” яшчэ ня ведала.

Конкурсная частка, у якой выступіла адзінаццаць гуртоў зь Беласточчыны і Беларусі, прайшла пад захмараным, але яшчэ сухім небам. Затое, як пад вечар пачаў ісьці дождж, то не перастаў аж да нядзелі. Drobnostka, — пракамэнтавалі непагадзь хлопцы з Сямятыч і Белай-Падляскай, якія вярталіся з фэстывалю ў нядзелю вечарам, — najwazniejsze, ze atmosfera byla swietna.

Відаць, сапраўды нешта ў атмасфэры „Басовішча” прыцягальнае ёсьць, што адчуваецца ня толькі такімі як я мастадонтамі, якія не прапусьцілі ніводнага фэстывалю. Доказам гэтаму хаця б гурты, якія ўзьніклі спэцыяльна дзеля таго, каб зайграць у Гарадку. Польскамоўная на штодзень моладзь складае беларускія песьні, бо ведае, што толькі з такімі тут выступіць. Некаторыя гурты тут жа разьлятаюцца, але іншыя з году ў год робяць прагрэс, вяртаюцца на „Басовішча”, заваёўваюць узнагароды. Для некаторых беларушчына перастае быць адно атрыбутам канцэртаў, займае ўсё больш месца ў штодзённым жыцьці.

Мікалай Ваўранюк, „Ніва”, 27.07.1997

Толькі пасьля канцэртаў, прыбраўшы сьмецьце і разьлічыўшыся з марненькай датацыі, сталі думаць, што далей. Алесь Карпюк купіў барана, мачыў яго дзень, апраўленага, у нейкім адмысловым адвары, а потым пяклі мы яго ўсю ноч, успамінаючы найлепшыя моманты найбольшага нашага пачыну. Ужо стала ясна, што „Басовішча” будзе працягвацца. Найвастрэйшыя спрэчкі разгортваліся вакол пытаньня, ці зможам мы яго арганізаваць кожны год, ці лепш рабіць яго радзей, але лепш.

Перамог энтузіязм ад першага посьпеху і так год за годам, бесьперапынна, прычакалі мы дзявятага Фэстывалю Музыкі Маладой Беларусі. Чаго толькі і не было за гэтыя гады на „Басовішчы”? Вырасла новае пакаленьне арганізатараў і слухачоў, узьнікалі і разьляталіся гурты. Лявон Тарасэвіч запраектаваў новую сцэну, якая дала размах фэстывалю (на жаль, збудаваць яе поўнасьцю — з дахам — не ўдаецца дагэтуль). На гэтай сцэне выступалі, каб пералічыць толькі найлепшых: „Мясцовы час”, „Крама”, „Новае Неба”, „Палац”, „Тарнада”, польскія „Kasa Chorych”, „Illusion”, „BBK”, „Proletaryat” і нашы зь Беласточчыны, „Кардон” і „Брага”, якіх, пэўна, не было б, калі б не было „Басовішча”.

У 1991 годзе, яшчэ са старой драўлянай сцэнкі Ян Максімюк крычаў публіцы: Мы жывем па той і па гэты бок лініі Керзана, у чаканьні-спадзяваньні цуду ўваскрашэньня, уваскрашэньня народу да нармальнага жыцьця. Мы пяем і танцуем, пакуль што, спадзеючыся на цуд. Ён прыйдзе. І мы ўсе з вамі збудземся, заўтра, пасьлязаўтра, яшчэ ня зараз.

Мы ўсё яшчэ не збыліся. І лепшага ў беларускай музыцы ад таго, што мы чулі на першым „Басовішчы”, не зьявілася. Няма лепшага гурту за „Мрою” (хай сабе яна называецца „Н.Р.М.”), няма лепшых інструмэнталістаў за Лявона Вольскага і Славу Кораня, няма лепшых бардаў за Касю Камоцкую, Алеся Камоцкага, Віктара Шалкевіча.

Мікалай Ваўранюк, „Ніва”, 19.07.1998

Што варта сказаць пра „Басовішча”? Арганізатарам яго ад пачатку зьяўляецца Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў у Польшчы. Фэстываль гэты — некамэрцыйная імпрэза, дафінансоўваецца яна Міністэрствам Культуры і Мастацтва, гарадоцкім самаўрадам ды шэрагам прыватных спонсараў. Што характэрнае для нашага тут жыцьця наогул — „Басовішча”, як прынцып, не падтрымліваецца ваяводзкімі ўладамі, хаця зьяўляецца яно адзіным вялікім і міжнародным рок-мерапрыемствам на абшары сучаснага Падляскага ваяводзтва і можа служыць у якасьці неблагой яго візыткі. За дзесяць гадоў існаваньня адносіны ваяводзтва да „Басовішча” не пахіснуліся. У гэты час, аднак жа, адбылася падзея нашмат важнейшая за „непахіснасьць” ваяводзтва. Фэстываль канчаткова здабыў прыхільнасьць мясцовых мас-мэдыяў, у якіх знаходзіць цяпер і матэрыяльнага спонсара, і мэрытарычнага абаронцу. Нечага такога ў пачатках Фэстывалю не наглядалася. 9-8-7 гадоў таму арганізатары мусілі самі рупіцца пра г.зв. інфармацыйны шум вакол „Басовішча”. У момант юбілею становішча цалкам вывярнулася — гэта мас-мэдыі знаходзяць у „Басовішчы” знакамітае месца для ўласнай прамоцыі ў рэгіёне. Вельмі важны гэта здабытак і... перамога. Жывем жа ў сьвеце, у якім, калі чаго не было ў СМІ, таго ўвогуле не было.

Аляксандар Максімюк, „Ніва”, 25.07.1999


English resume   |   prezentacja w jez. polskim   |   беларускі зьмест   |   лучнасьць з рэдакцыяй