Полацкія запісы

(старонкі зь дзёньніка)

Алесь Аркуш

19.06.1999. Учора ўвечары цягніком Варшава — Санкт-Пецярбург вярнуўся дахаты з Казімежа-Дольнага, дзе ладзілася канфэрэнцыя-сустрэча рэдактараў культурніцкіх выданьняў з Польшчы, Беларусі, Украіны й Расеі. Зь Беларусі таксама ўдзельнічалі Акудовіч, Анціпенка, Бабкоў, Булгакаў, Дынько. Першы дзень, 14-га, пачаўся дакладам Акудовіча, разглядаліся зьявы „цэнтар” і „правінцыя” ў культуры, Акудовіч даводзіў, што нацыянальныя культурніцкія прасторы пры наяўнасьці сёньняшніх сучасных камунікацыйных сродкаў актыўна разбураюцца, на поўным сур’ёзе пераконваў, што Мірскі замак, Эгіпецкія піраміды і вежа Эйфэля цяпер знаходзяцца ад нас на адной адлегласьці. Празь дзень, 16-га, Ігар Бабкоў агучыў тэрмін „вайна культураў”, які ўвёў у беларускі мысьліўны дыскурс Акудовіч сваім аднайменным эсэ. Бабкоў і Акудовіч сьцьвярджалі, што нацыянальныя культуры ўвесь час знаходзяцца паміж сабой у барацьбе, больш моцныя няспынна наступаюць, слабейшыя абараняюцца. „Мілітарысцкі” тэрмін беларусаў астатнія ўдзельнікі сустрэчы ня вельмі ўхвалілі, нават крытыкавалі за радыкалізм і катэгарычнасьць, маўляў, гэткае разуменьне стасункаў культураў будзе замінаць іх дыялёгу. У дыскусіі пра „лібэралізм” і „кансэрватызм” я выказаў думку, што гэтыя катэгорыі нельга супрацьпастаўляць і тым больш спрачацца адносна таго, што прагрэсіўнае, а што нэгатыўнае, бо ўсё ў сьвеце, у тым ліку і сацыяльныя і культурніцкія зьявы, імкнецца да раўнавагі, якую можна здабываць з дапамогаю дзьвюх супрацьлегласьцяў, гэтак сама, як працуюць вагары, такім чынам, „лібэралізм” і „кансэрватызм” — гэта не шляхі, а інструмэнт, якім карэктуецца шлях. Напачатку 90-х я змагаўся за лібэралізацыю беларускага літаратурнага працэсу, для мяне беларускі літаратурны масіў, напрацаваны за папярэднія 60-70 гадоў, быў адназначна кансэрватыўным. Напрыканцы 90-х корпус тэкстаў, створаны за савецкім часам, згубіў сваю кансэрватыўнасьць. Для мяне цяпер загадка: што сёньня зьяўляецца сапраўдным кансэрватызмам у беларускай літаратуры? Але я мушу шукаць здаровы кансэрватызм, каб мець магчымасьць здабываць раўнавагу.

25.06.1999. У БДУ на філфаку адбылася сустрэча зь перакладчыкам беларускае літаратуры на польскую мову Чаславам Сэнюхам, (ён перакладаў мае вершы, прозу і літаратуразнаўчыя артыкулы для ольштынскага часопісу „Borussia”, № 15/1997). У траўні я гасьцяваў у ягонай варшаўскай хаце, падараваў гаспадару нашыя найноўшыя выданьні, гутарылі пра падзеі ў Беларусі. Спадара Сэнюха цікавілі незалежніцкія аспэкты, распытваў пра палітычныя навіны і мае прагнозы, бо мяркуе напісаць для правай „Польскай газэты”, зь якой супрацоўнічае, шэраг футуралягічных матэрыялаў пра Беларусь: што будзе калі... Калі даведаўся, што я цікаўлюся гісторыяй мошчаў сьв. Андрэя Баболі, звазіў мяне на сваёй машыне ў санктуарыюм езуітаў, у якім цяпер захоўваюцца сьвятыя мошчы. Дарэчы, гэтыя мошчы з 1808 году, калі езуіты забралі іх зь Пінску, да 20-х гадоў нашага стагодзьдзя, калі камуністычныя вандалы рэквізавалі астанкі каталіцкага сьвятога на так званую гігіенічную выставу ў Маскву, захоўваліся ў Полацку. Затым Ватыкан дамогся перадачы мошчаў Каталіцкаму Касьцёлу, а ў 1939 годзе з Рыму мошчы былі перавезеныя ў Варшаву, дзе й захоўваюцца па сёньняшні дзень. (Цікава, што сьведкам гэтай урачыстай цырымоніі — прыбыцьця машчэй ў Варшаву, быў палачанін Сяргей Кажан, былы сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, у якога я летась браў інтэрвію для „НН”; у 39-м годзе сп. Сяргей з Заходняй Беларусі быў прызваны ў польскае войска і ўдзельнічаў у забесьпячэньні парадку падчас цырымоніі.) Спадар Сэнюх спрабаваў наладзіць маю сустрэчу з пробашчам санктуарыюму, але той на кантакт не пайшоў. Напэўна, езуіты баяцца, што Полацак можа запатрабаваць вяртаньне мошчаў.

І вось новая сустрэча са сп. Сэнюхам. На гэты раз у Менску. Людзей сабралося няшмат. Арлоў, Славамір Адамовіч, Булгакаў, некалькі філёлягаў з БДУ (у тым ліку Мархель, Язэп Янушкевіч, Ірына Багдановіч). Я прыйшоў на сустрэчу з Тацянай і сынам Антонам, мы якраз усе гэтым днём былі ў Менску. Сп. Сэнюх распавёў пра сваю працу над перакладам „Новай зямлі” Якуба Коласа, чытаў урыўкі з паэмы, адказваў на пытаньні. Нягледзячы на свой сталы век, сп. Чэслаў застаецца энэргічным, дасьціпным, камунікабэльным чалавекам, які, спадзяемся, яшчэ шмат зробіць карыснага дзеля Беларусі.

11.08.1999. Учора ў гасьцях былі Васючэнкі: Пятро, Ніна і Марыля. Пятро зь сямейнікамі прыехаў наведаць бацькоў. Вечар прагаманілі, узгадалі тэвээлаўскую імпрэзу ў Лепелі, парагаталі. Ніна разгледзела мае чарапкі, якія мы з Тацянай пазьбіралі паўзь Дзьвіну. Яе найбольш зацікавілі кавалачкі кафлі ХVІІ ст., як яна іх ідэнтыфікавала, і аскепак керамічнага коніка-сьвісьцёлкі з гэтага ж часу. Цікава, што і ў тыя цяжкія, прагматычныя часы (трэба было найперш думаць, як выжыць, ацалець) людзі выраблялі ня толькі функцыянальныя рэчы, але й забаўкі, аздобу.

„Віцебскі кур’ер” надрукаваў мой артыкул пра патрэбу беларускага пантэону, у якім я даводжу, што самае прыдатнае месца дзеля стварэньня агульнабеларускага пантэону — Сафійскі сабор, які мог бы стаць сымбалем беларускага экумэнізму, яднаньня й сумоўя.

Валерка Булгакаў прыслаў абяцаную кнігу Лявона Юрэвіча „Жыцьцё пад агнём” пра Барыса Рагулю. Хачу напісаць рэцэнзію для „Калосься”.

14.08.1999. На Дзьвіне сустрэлі Андрэя Глушкова. Выбраліся з Тацянай прагуляцца і ўбачылі яго за працай — вёў свае прыватныя археалягічныя дасьледаваньні. Андрэй паказаў знаходкі: бурацінка (манэта), завушніца ў выглядзе вялікага мэталёвага кальца, дробныя кавалачкі бранзалету. З дапамогаю рыдлёўкі ён паднімае пясок з дна ракі і прасейвае праз адмысловае сіта. Як прызнаўся Андрэй, гэтым разам не шанцуе. Мы з Тацянай прайшліся ўздоўж ракі з боку Экімані. На пяску пазьбіралі багата кавалкаў керамікі: аскепкі керамічнага посуду, кафлі. Гэтыя чарапкі Ніна Васючэнка ідэнтыфікавала пераважна ХVІ-ХVІІ стагодзьдзямі. Найбольш кераміка сустракаецца па левым беразе ракі. Андрэй гэта тлумачыць тым, што ў Экімані знаходзілася слабада ганчароў, побач зь Дзьвіною стаялі печы для абпальваньня керамічных вырабаў. Запрасілі Андрэя да сябе ў госьці. Амаль дзьве гадзіны прагаманілі пра ягонае захапленьне. Расказаў, што сёлета знайшоў камень (пясчанік або ракушачнік), у якім сядзіць прастакутны кавалачак невядомага мэталу. Знаходка выклікала шэраг пытаньняў: па-першае, як гэты кавалачак патрапіў у камень? Калі натуральным чынам, дык адбылося гэта некалькі мільёнаў гадоў таму. Па-другое, што гэта за мэтал? Бо ён непадобны ні на жалеза, ні на медзь, ні на чыгун, ні на бронзу. Мэтал вельмі цьвёрды — рысуе шкло, зусім някрануты іржою, толькі зьлёгку пакрыты патынай. Самародным мэталам ён таксама ня можа быць. Да ўсяго іншага шмат пытаньняў выклікае прастакутная форма мэталічнага кавалачка. Карацей, загадка суцэльная.

Зь серады (11-га) Вінцэсь Мудроў у Смаргоні, на радзіме жонкі. Штодзень тэлефануе. Цяжка яму без навінаў і размоваў пра літаратуру. У жніўні ў яго адпачынак, паведаміў, што будзе працягваць пісаць успаміны пра свае юначыя прыгоды.

30.08.1999. Пачаў зноў перачытваць тэксты, якія маюць дачыненьне да полацкай філіі „Маладняка”. Асабліва мяне ўразіла апавяданьне Сымона Хурсіка „Адам Залес”. Гэты празаік па сканчэньні Белпэдтэхнікуму ў 1925 годзе прыехаў настаўнічаць у Валынцы, гэтае мястэчка сёньня знаходзіцца ў Верхнядзьвінскім раёне. У гэтым жа годзе ў бібліятэчцы „Маладняка” выдаў сваю першую кнігу — зборнік апавяданьняў „Першы паўстанак”. Пазьней пераехаў у Полацак, працаваў у „Чырвонай Полаччыне”, уваходзіў у полацкую філію „Маладняка”. Дарэчы, „Адам Залес” — адно зь першых апавяданьняў Хурсіка, так бы мовіць, яго дэбютная публікацыя (апавяданьне ўпершыню друкавалася ў „Савецкай Беларусі” ў 1924 г.). Вось цытата з твору: Не! Чалавек яшчэ занадта жывёліна!.. Хоць я памыляюся: гэта ў наш час людзі адракліся ад усялякіх законаў, парадку і сталі падобнымі да зьвяр’я. Шкада гэтых бедных людзей — усіх шкада!.. Хоць многія з іх толькі шыбеніцы й вартыя. Але такіх шкадаваць не прыходзіцца, бо яны самі сябе шкадуюць; чорт з імі. Нехта, бадай, разумны, сказаў, што ўлада псуе людзей, і гэта праўда, клянуся сваім гонарам, што ўсё гэта праўда! Зірніце наўкол: без дысцыпліны — ні кроку. Эх, жалкія людзішкі!.. Крычыць, лямантуе за праўду, а сам, чуць дарваўся да чужога дабра, так і абажрэцца ім, сумленьне сваё за медны грош, за паперку нікчэмную прадасьць!.. Так спавядаўся перад героем апавяданьня выпадковы спадарожнік, які назваўся Адамам Залесам. Цікава, што сам герой апавяданьня, якога, напэўна, можна атаясамляць з аўтарам, не асудзіў погляды спадарожніка. Дзеля таго, каб „выратаваць” твор, Хурсік напрыканцы апавяданьня ўводзіць зусім недарэчны, ананімны юнацкі голас спадарожніка зь верхняй паліцы, які апошнімі словамі ганіць Адама Залеса за ягоныя „контррэвалюцыйныя” погляды. Магчыма, гэты юнак-камсамолец зьявіўся ў творы Хурсіка з дапамогаю рэдактара, сёньня ўжо немагчыма дазнацца праўды.

У мяне нарадзілася ідэя перавыдаць полацкіх маладнякоўцаў. Большасьць зь іх, да масавых рэпрэсіяў 30-х гадоў, так і не пасьпела выдаць свае кнігі: Г. Брэская, Я. Козік, В. Сянкевіч і інш. Кепска, што ў Полацку, ні ў Музэі Беларускага Кнігадрукаваньня, ні ў цэнтральнай бібліятэцы, ні ў мясцовым дзяржаўным архіве не захаваліся полацкія друкі 20-х гадоў — газэта „Чырвоная Полаччына”, альманахі „Наддзьвіньне”, „Росквіт”, „Зарніцы”. Адшукаць творы полацкіх маладнякоўцаў можна толькі ў Менску, або ў архівах Масквы і Пецярбургу.

21.09.1999. Прачытаў у ВБЭ артыкул пра Петруся Броўку. Ні слова пра тое, што прыканцы 20-х гадоў паэт нейкі час узначальваў полацкую філію „Маладняка”, што ўваходзіў у „Літаратурна-мастацкую камуну”, што разам з Шукайлам, Скрыганам, Шалаем ды іншымі „камунаўцамі” выдаваў часопіс „Росквіт”. Не сумняюся, што аб „футурыстычных” гадах Броўкі не прачытаеш ні ў манаграфіях пра ягоную творчасьць, ні ў літаратуразнаўчых акадэмічных біяграфіях. На самой справе менавіта гэтыя гады зьяўляюцца самымі цікавымі старонкамі творчага жыцьця Броўкі, выкрасьліўшы іх, як памылкі маладосьці, ён пазбавіўся магчымасьці ўратаваць сваю творчую біяграфію. Толькі Скрыган у сваёй біяграфічнай аповесьці „Кругі” крыху распавёў пра тыя часы. Броўка, відавочна, лічыў іх кампрамэтуючымі і несур’ёзнымі. Гісторыя разьмеркавала інакш — кампрамэтуючымі сталіся ягоныя вершы пра партыю, Леніна й камунізм.

01.10.1999. Толькі нядаўна заўважыў „дробную” памылачку ў рэцэнзіі Галубовіча („ЛіМ”, 23.08.1999) на мой зборнік „Выбранае”. Памылачка схавалася ў цытаце майго вершу „Нонканфармізм”. У „ЛіМе” чытаю:

Бо Д’ябла можна спакушаць
На ўзроўні цэнаў і пасадаў,
Улады, страўніка, акладаў —
І толькі гэтак кіраваць.

На самой справе гэтыя радкі гучаць крыху інакш (стар. 38):

Бо Д’ябал можа спакушаць
На ўзроўні цэнаў і пасадаў,
Улады, страўніка, акладаў —
І толькі гэтак кіраваць.

Наўрад ці памылачка закралася па недаглядзе карэктаркі, задужа вялікія сэнсавыя зьмены прынесла чаргаваньне гэтых дзьвюх літар.

25.11.1999. Учора ўвечары прыехаў да мяне ў Полацак Ігар Сідарук. Літаральна за дзень да ягонага прыезду дамовіўся з Андрэем Аляксандравым аб імпрэзе ў Полацкім Унівэрсытэце. Схадзілі зь Сідаруком ў Эўфрасіньнеўскі манастыр, у Спаскай царкве Ігар паставіў сьвечку. Гэтым жа днём прыехаў да сястры ў Наваполацак Уладзя Арлоў. Я прапанаваў Уладзю таксама паўдзельнічаць у імпрэзе. Атрымалася цудоўная вечарына. Сідарук чытаў новыя вершы і прозу. Асабліва прыхільна і эмацыйна публіка ўспрыняла апавяданьне „Скула”, сьмехам сустракала ледзь ня кожны сказ. Уладзя чытаў запісы са сваіх кішэнных нататнікаў, падараваў унівэрсытэцкай бібліятэцы сваю новую кнігу „Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”. Гэтая сустрэча сталася першай прэзэнтацыяй сёмага нумару „Калосься”. Наступная адбудзецца 27-га.

Атрымаў па пошце ад Алега Дзярновіча кнігу Рыгора Клімовіча „Конец ГОРЛАГА”, якая выйшла ў сэрыі „Архіў Найноўшай Гісторыі”. Вельмі добрая і карысная кніга.

27.11.1999. З раніцы сустрэў на полацкім чыгуначным вакзале Чаропку і Сыса, якія прыехалі на прэзэнтацыю сёмага нумару „Калосься”. Абодва былі добра „пад мухай”. Сыс распавёў, што ўсю ноч правёў з маладымі лейтэнантамі, якія нападпітку лаяліся на ўладу і казалі пра патрэбу стварэньня сапраўднага беларускага войска. На памяць пра сябе яны падаравалі паэту попельніцу, зробленую з кулямётнай стужкі, а паэт прэзэнтаваў новым знаёмым газэту „ЛіМ” са сваімі вершамі. Чаропка, калі садзіўся ў вагон, папярэдзіў правадніцу, што ноччу будзе весела, бо ў Полацак едзе сам Сыс. Але яна, напэўна, не ўяўляла, што будзе так весела. Вагон цэлую ноч гудзеў як вулей. Сысу пагражалі высадзіць яго ў Воршы, але да Воршы паэт займеў шмат хаўрусьнікаў (у тым ліку і маладых лэйтэнантаў), якія пазьбіраліся ў сысоўскі вагон з усяго саставу, і пасажыры, якія былі незадаволеныя гулямі паэта, мусілі зьмірыцца. Сыс адразу выказаў жаданьне пакаштаваць полацкага піва, я паабяцаў, што абавязкова пачастую ў хаце. Купілі зваротныя квіты і рушылі да мяне. Сыс прыняў душ і палекаваўся півам. Я меркаваў, што зраблю для гасьцей пешую экскурсію па Полацку, але пасьля сьнеданьня Чаропку ўклалі спаць, а мы з Тацянай і Сысом засталіся гутарыць на кухні. Сафійку Сыс убачыў толькі з вакна аўтобуса, калі мы ўсе разам ехалі ў Наваполацак на прэзэнтацыю. Сыс уважліва ўглядаўся ў абрысы храма. Ці згадваў ён у гэтыя хвіліны свае радкі зь верша да Пімена Панчанкі? А верш той кончыцца наступным чынам:

бо пад небам Сафіі полацкай
на народных паэтаў моляцца.

У наваполацкай бібліятэцы да нас далучыўся Арлоў, які і пачаў вечарыну. Сыс сядзеў у зале сумны і маўклівы. Як пазьней высьветлілася, яго нудзіла язва страўніка. Калі Сысу далі слова, ён пачаў, безь ніякага ўступу і вітаньня, чытаць вершы, але неяк нягучна і нэрвова. Затым спыніўся на палове верша і скрушна прамовіў: „Чаму так плакаць хочацца?” Пайшоў сеў на ранейшае месца, але праз пару хвілінаў усё ж вярнуўся на імправізаваную эстраду. Чытаў ён вершы са зборніку „Пан Лес” (які з раніцы падараваў яму я, бо свайго ён даўно ўжо ня меў — усе раздарыў), з апошняга „ЛіМу” і з часопісу „Роднае слова” (10/1999). Гэта была ўжо цьмяная копія Сыса канца 80-х — варажбіта вершаванага слова, трыбуна.

Назад, у Полацак, нас завёз на сваім „уніяцкім” аўтобусіку Мікола Шарах. Разам зь менскімі гасьцямі да мяне паехаў і кампутаршчык ТВЛ Лявон Сас (Сыс адносна яго сказаў, што бачыць па вачох — Лявон добры чалавек; падпісаў яму сваю кнігу, побач з аўтографам занатаваў свой адрас — запрашаў у госьці). Да позьняга вечару сядзелі ў мяне на кухні. Гаманілі, узгадвалі нешта з ранейшых гадоў. Сыс гаварыў зусім мала, жаліўся на страўнік, нават папрасіў вады з содай. Хоць і прапускаў кілішкі, але ўсё адно піў разам з усімі. Ноччу, а палове першай, я праводзіў Сыса і Чаропку на менскі цягнік.

15.12.1999. Прэзэнтацыя „Калосься” ў Калегіюме (14.12) прайшла ўдала. Людзі сабраліся розныя: ад бумбамлітаўцаў (Вішнёў, Сін, Баярын) да „фрагмэнтаўцаў” (Бабкоў, Акудовіч). Былі Арлоў, Баршчэўскі, Сыс, Адамовіч, Аксак, Кісьліцына, Сільнова, Сьлінко, Данільчык, ды іншыя (каго ведаю). Праўда, адсутнічалі „архэўцы”, а „Нашу Ніву” прадстаўляў Мухін. І яшчэ адна неспадзяванка: „Калосьсе” мы прадстаўлялі ўтрох — я, Гумянюк і Чаропка. Не змаглі прыняць удзел у імпрэзе Кавалёў, Мудроў і Вашко. Дапамог Алесь Камоцкі — прыйшоў на прэзэнтацыю і выканаў некалькі сваіх песень. Вёў вечарыну я — расказаў пра віленскае „Калосьсе” 30-х гадоў, пра гісторыю стварэньня цяперашняга, пазнаёміў са зьместам сёмага нумару. Чаропка казаў пра свой раманец „Поўны керкешоз”, Гумянюк чытаў вершы. Па сканчэньні вечарыны Анціпенка запрасіў у офіс Калегіюму. Адзначылі прэзэнтацыю. Бабкоў прапанаваў замовіць Акудовічу тэкст „Няма Расеі”, усе горача падтрымалі, патэлефанавалі Акудовічу і па чарзе пачалі ўгаворваць спадара Валянціна. Затым нас з Тацянай запрасілі да сябе Арловы, на арлоўскай кухні прагаманілі некалькі гадзінаў да полацкага цягніка.


English resume   |   prezentacja w jez. polskim   |   беларускі зьмест   |   лучнасьць з рэдакцыяй