НА „ПРАВІНЦЫЮ” ЗРЭАГАВАЛІ беларускія літаратурныя колы. Сёньня нярэдка бывае, што часопісы й кнігі аглядаюцца-рэцэнзуюцца нячытанымі. Таму сярод водгукаў на першы нумар зьявілася нямала камічных галасоў. Але было пару выпадкаў, калі выказваньні пра наш часопіс падпіраліся салідным чытаньнем нумару. Гэта парадавала. Па-першае, з увагі на фармат і таўшчыню часопісу — ня так то й проста даецца гэткае чытаньне ў эпоху карцінак. Па-другое, бо даказвае, што яшчэ не зьвяліся людзі, для якіх часопіс — носьбіт культуры слова і моўнай нормы, а ня толькі „чысты праект”. Для такога кола адрасатаў была задуманая і робіцца „Правінцыя”.

Назоў часопісу спарадзіў супраціў. Ня надта каб моцны, але заўважны. Прычым, тым большы наглядаўся супраціў, чым меншае было веданьне зьмесьціва нумару. Беларусь — не правінцыя, сьцьвярджалі апанэнты, узьнік бы гэты часопіс у іншым месцы, дык зваўся б ён „Сталіцай”.

Узьнік бы. Але ня ўзьнік. Ды правінцыя — гэта ж толькі слова, назоў, імя, а не лёсавызначальны прысуд. Мы, у кожным выпадку, надалей прытрымліваемся думкі-перакананасьці, што сьвет лепш сузіраецца праз вакно свае правінцыйнасьці, чымся чужое сталічнасьці.

Што варта рабіць? Варта „на практыцы ажыцьцявіць” хаця б адзін пастулят узаемапазнаньня і ўзаемапаразуменьня, якіх у сфэры чыстай дэкляратыўнасьці шмат назьбіралася за апошнюю дэкаду XX стагодзьдзя. Сучасную беларускую літаратуру ў названы пэрыяд запрэзэнтавалі польскаму чытачу не катэдры, не філялёгіі, а менавіта тусоўка гэтага часопісу. Спадзявацца, што нешта ў гэтым пляне зьменіцца — хіба дарма; беларусаўтрамбоўныя ўстановы засяродзіліся на змаганьні з уласнай (не)пісьменнасьцю.

Асобай зусім невядомай беларускаму чытачу ў першым выпуску часопісу аказалася Галіна Пасьвятоўская, таму ў далейшым працягваем прэзэнтацыю кола „праклятых паэтаў” пэрыяду Народнай Польшчы, постацяў у польскай культуры з аднаго боку культавых, а з другога — абавязковых аўтараў для сярэдняга й вышэйшага ўзроўняў філялягічнай адукацыі ў нашай краіне. Побач іх прадстаўлены польскі сучасны паэт і жыхар Беластоку Ежы Плютовіч, вершы якога — паводле нас — акурат таго і вартыя, каб прапанаваць іх у атачэньні найвышэйшай лігі творцаў польскай культуры.

Апроч таго — даканчэньне распачатага ў першым выпуску ды пашыраная на рэцэнзіі порцыя публіцыстыкі. Ясная справа, пры выдавецкім цыкле „Правінцыі” рэцэнзаваць будзем няшмат — усяго выбраныя і ў нейкім сэнсе важныя нам творы. Затое — уважліва і абавязкова пасьля (пра)чытаньня.

Гэтым і запрашаю аматараў беларускага слова ў другое падарожжа па блізка двухстах вялікафарматных бачынах, а ўсіх ахвотных „хутка прачытаць не чытаючы” — у Інтэрнэт, дзе й надалей будзем публікаваць highlights-streszczenia на ангельскай і польскай мовах.

А. Максімюк


English resume   |   prezentacja w jez. polskim   |   беларускі зьмест   |   лучнасьць з рэдакцыяй