Код беларускі

„Annus Albaruthenicus” (2000), „Annus Albaruthenicus” (2001), „Annus Albaruthenicus” (2002), Villa Sokrates, Krynki.

Беларусы — нацыя індывідуалістаў. Беларусы ня могуць нічога ладнага рабіць калгасам. Калі ворагі ці абставіны змушаюць іх да нейкага згуртаваньня, аб’яднаньня, задзіночаньня, хаўрусу — выходзіць абы-што. Калгасы сьпіваюцца і дэгенэруюць. Партыі ледзь ліпяць і хутчэй імітуюць існаваньне. Рэдакцыі сварацца. Газэты не жывуць больш за 10-15 гадоў. БНРы і БНФы расколваюцца напалам і клянуюцца, спараджаючы БЦРы і КХПы, нуду і фрустрацыю.

Аднак, як ні парадаксальна — Беларусь жыве. У чым сакрэт? Сутнасьць гэтай загадкавай зьявы найлепей схопленая адчайна-трагічным выслоўем: „ДЛЯ беларусаў можна нешта рабіць, а ЗЬ беларусамі — не”. Цімала беларусаў, у горкай роспачы ад спробаў тварыць [беларускую нацыю, палітыку, культуру] ў тым або іншым хаўрусе з братамі па розуме, сыходзілі далей ад гоману — каб нікога ня бачыць і каб ніхто не замінаў — і працавалі на карысьць тых самых, іншых.

Пераспрабаваўшы за 90-я гады розныя формы беларускай сацыялізацыі ў палітыцы і ў творчасьці, Сакрат Яновіч абраў за лепшае зашыцца ў свой белавескі Патмос і пашукаць новых сэнсаў і формаў. Вынікам стаўся бадай што самы дзівосны і дзівацкі, варты зьдзіўленьня і захапленьня, фэерычны і фантасмагарычны, поўны загадак літаратурна-выдавецкі праект.

Правакуе ўжо сам ягоны назоў — „Annus Albaruthenicus”. Гэта — нібы выпрабаваньне патэнцыйнага чытача на сур’ёзнасьць, на здольнасьць стрымацца ад непазьбежных эратычных/скаталягічных асацыяцыяў. Ну ды халера зь імі, несур’ёзнымі — honni soit, як той казаў, qui mal y pense. Што ні кажы, а лацінскія назовы на беларускіх вокладках не было відаць даўнавата. (Загадкай аднак застаецца — адкуль -а- у слове Albaruthenicus...)

Зьместавы каркас „Беларускага Году” складаюць матэрыялы штогадовых сымпозіюмаў — трыялёгаў, якія адбываюцца ў Крынках пад эгідай Stowarzyszenia (Згуртаваньня? Таварыства? Задзіночаньня? — ні ў водным з трох нумароў я не знайшоў беларускага варыянту) Villa Sokrates. Шкада, што ў пэрыёдыку няма аглядаў і паведамленьняў пра самі гэтыя трыялёгі — хто быў, як яно было, што казалі, што пілі, што ня трапіла на старонкі „AA”. Кулюары — найцікавейшая частка любога сэмінару. Хочацца духу, рэфлексіі, сакратычнага бляску. І — здымкаў, подыху аўтэнтыкі... (Зноў загадка з антычнай філялёгіі — што азначае трыя- у слове „трыялёг”?)

Што да чысьціні эўражанру — дык пры старанным пераглядзе ў пэрыёдыку можна пазнаходзіць і амэрыканцаў, і натуралізаваных расейцаў. Дык можа й ня варта замыкацца на Эўропе — паняцьці расплывістым і штучным? Нашто зачыняць дзьверы перад неэўрапейцамі? А Беларусьсю і беларускай культурай цікавяцца ня толькі ў ЗША і Канадзе, але і ў Японіі, Індыі, Ізраілі дый ці мала дзе яшчэ.

Дый у Эўропе варта пашыраць абсягі — з далучэньнем Польшчы і Літвы да Эўразьвязу беларусы інстытуцыянальна стануць эўрапейскім народам — адным зь недабітых вартаўнікоў эўрапейскіх ускраінаў. Дагэтуль мы спрабавалі — і цалкам апраўдана — зьвярнуць на сябе ўвагу „вялікіх” эўрапейцаў — ангельцаў, немцаў, французаў. У трох выпусках „Беларускага Году” ўсе акулы беларусазнаўства з гэтых народаў фактычна сказалі ўсё што можна было на сёньня сказаць. Дык ці не настаў час зьвярнуць на сябе ўвагу Другой ( ці можа нават Трэцяй) Эўропы?

Урэшце настала пара задаць галоўнае пытаньне — на каго разьлічаны „Год Беларускі”? Шматмоўнасьць выданьня нібыта падказвае просты адказ — тым, хто ведае ўсе гэтыя мовы або хоць нейкія зь іх, найперш — замежным сябрам беларускае культуры. „Ня столькі для беларусаў, колькі менавіта для тых, хто цікавіцца [беларускай літаратурай]” — абвяшчаецца ў Слове Рэдактара, якім распачынаецца першы нумар. Варта аднак пагартаць усе тыя шматмоўнасьці, каб моцна занепакоіцца. Калі ў аўтарскіх тэкстах англамоўных, нямецкамоўных, франкамоўных гасьцей „Году” ўсё ў парадку за выняткам дробных карэктарскіх недаглядаў, дык перакладзеныя на розныя мовы тэксты беларускіх удзельнікаў лепш бы не траплялі на вочы тым, „хто цікавіцца”, бо, баюся, адразу цікавіцца перастануць. Прычым калі англамоўныя тэксты, напісаныя на лёгкапазнавальнай EEE (East European English), якую яшчэ можна разглядаць як наш тутэйшы рэгіянальны дыялект глябальнай ангельшчыны, дык „францускія” тэксты маскоўскіх аўтараў „Году” наагул не паддаюцца лінгвістычнай ідэнтыфікацыі. Прынамсі звычайны француз — без глыбокага веданьня сынтаксу, стылістыкі і фразэалёгіі расейскай мовы — іх наўрад ці зразумее. Магчыма, гэтыя творы былі вынікам тэставаньня нейкай прылады для аўтаматычнага перакладу.

Таму адказ на пастаўленае пытаньне будзе парадаксальны. „Annus Albaruthenicus” разьлічаны перадусім на беларусаў і прытым на тых, хто не абцяжараны веданьнем замежных моваў. Каб захапленьне эўрапейскасьцю і фэерычнасьцю выданьня не прымеркла ад сутыкненьня зь непісьменнасьцю або проста несумленнасьцю некаторых аўтараў/перакладчыкаў/рэдактараў/карэктараў.

Будзем лічыць, што трох выпускаў „Году Беларускага” было дастаткова для стварэньня пэўнай інтэлектуальнай аўры, зацікаўленьня і захапленьня сярод тых, хто ня бачыць. Настала пара задаволіць незадаволеных. Зьлезьці з Парнаса і прышукаць сабе паплечнікаў-рэдактараў, якія дапамогуць узьняць бліскучую ідэю на належны ёй узровень. Узровень варты Сакрата ды нашай фантастычнай Правінцыі.

Сяргей ШУПА, Вільня — Прага


English resume   |   prezentacja w jez. polskim   |   беларускі зьмест   |   лучнасьць з рэдакцыяй