Мы, беларусы...

Сяргей Астраўцоў

1.

Мы пачаліся з Францыска Скарыны, зь першай друкаванай кнігі, і кніга гэтая была біблейская. „БІВЛИЯ РУСКА”. Здарылася падзея 6 жніўня 1517 году ва ўтульным і вельмі эўрапейскім горадзе — Празе Чэскай. Пазьней адзін з паэтаў назваў нас „унукамі Скарыны”. Хоць дзеці самога першадрукара беларусаў па сабе не пакінулі. Адзін сын загінуў у пажары на Градчанах, сьляды другога згубіліся недзе ў чэскай правінцыі.

Хто ж мы такія, „унукі першадрукара”? Сам ён, у лекарскіх навуках доктар Францыск, называў нас „рускім народам” або „Русьсю”. Што да мовы нашай, дык асабіста ён ня быў упэўнены, як яна называецца ў сапраўднасьці. Павагаўшыся, вырашыў нарэшце, што мова гэтая таксама „руская”. Кнігі свае ён друкаваў „рускімі словамі, а славенскім языком”.

Чытаць іх сёньняшняму чалавеку амаль немагчыма. Надрукаваны яны на „трасянцы”: як у экзатычную страву, да царкоўнаславянскай асновы дададзена беларускіх слоў, польскіх, чэскіх. Як ні дзіўна, рэальна дзяржаўнай мовай сёньня якраз і зьяўляецца трасянка. Ёю размаўляе й самае высокае начальства, і простыя грамадзяне. Дзякуй доктару Скарыну са слаўнага места Полацкага!

2.

Скарына называў нас „паспалітым людам”, Кастусь Каліноўскі, клічучы змагацца за незалежнасьць, па-баявому называў „дзецюкамі”. С. Шушкевіч, калі мы ўжо сталі незалежнымі, — „памяркоўнымі й рахманымі”. Астатнія называлі і называюць проста таварышамі, у лепшым разе „саацечаственікамі”. Спроба ў нядаўнія часы прышчапіць зварот „спадар” аказалася марнай. У лепшым разе гучыць „гаспадзін”, калі ня хочуць шакаваць „таварышам”.

Нічога дзіўнага, свайго часу наша эміграцыя перасварылася, бо адны любілі слова „спадар”, іншыя прызнавалі толькі „гаспадар”. „Гаспадар наш, Жыкгімонт Аўгуст, кароль, вялікі князь” і г.д. — пісалася ў старых хроніках. Хоць у іх можна знайсьці словы „спадарыня” і „спадар”. Таварышы, аднак, зноў перамаглі.

Калі-нікалі, яшчэ з савецкіх часоў, ужываецца й слова „пан”, але выключна ў дачыненьні да замежнай асобы. Толькі аднойчы мы былі названыя панамі. Пісьменьнікам Уладзімерам Караткевічам. „Лі на абрусы, паны-беларусы!” — напісаў ён у вершы, у якім расказваецца пра здымкі фільму „Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. А як зьнялі зь сябе сярэднявечныя шаты й футраныя шапкі зь пер’ем ды пакінулі здымачную пляцоўку, сталі таварышамі, як і раней.

3.

Першай савецкай сталіцай Беларусі, як вядома, стаў Смаленск, хоць і ненадоўга. Потым быў Мінск, тады Менск, далей бальшавіцкі ўрад Літоўска-Беларускай Рэспублікі пераехаў у Вільню. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі адразу асталяваўся менавіта ў Менску. Гэта быў 1918 год. Затым, часова, знаходзіўся ў Вільні й Горадні. У 30-х гадох падумвалі перанесьці савецкую сталіцу далей ад польскай мяжы — у Магілёў. Нават такі самы дом ураду там пабудавалі, крыху зьменшаны. Аднак перадумалі — занадта блізка да Смаленска.

Эмігранцкі ўрад БНР бальшавікам удалося прымусіць скласьці паўнамоцтвы ажно ў Бэрліне. Але надалей усё новыя й новыя старшыні ўраду перадавалі адзін аднаму сымбалічны партфэль прэм’ер-міністра і жылі ў Празе, дзе шукалі, але так і не знайшлі магілу Скарыны, у Парыжы, у ЗША й Канадзе. Аднак, ні Прага, ні Парыж ня сталі нават рэзыдэнцыяй беларускага ўраду: з будынкам, канцылярыяй, аўтамабілем. Iдэя несавецкага тыпу дзяржаўнасьці аказалася закансэрваванай на доўгія гады. Акцыя збору подпісаў за прыняцьце сымбалічнага грамадзянства БНР, праведзеная ў „мэтраполіі”, абняла толькі „спадарства”.

Краіна Кляновага Лісьця, аднак, падрыхтавала нам яшчэ пару дарункаў. У выглядзе тамтэйшага доктара Стэнлі Скарыны, які размаўляе на цудоўнай польска-расейскай трасянцы і лічыць сябе нашчадкам першадрукара. Другі канадыец — граф Прушынскі — адважна кінуўся ўдзельнічаць у першых прэзыдэнцкіх выбарах, хоць ня меў беларускага грамадзянства. О дзіва! Мясцовую публіку ён таксама зьдзівіў трасянкай накшталт тае ў сп. Стэнлі.

4.

„Адвеку мы спалі, ды нас разбудзілі, сказалі, што трэба рабіць”, — сьпявалася ў колішнім беларускім гімне. Потым быў прыдуманы „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Рады, аднак, так і не зрабіліся сапраўды шчыльнымі. I тады быў напісаны „Магутны Божа”. Была яшчэ вельмі мэлядычная „Не загаснуць зоркі ў небе” на словы Янкі Купалы, якая музыкай нагадвае крыху дзяржаўны гімн „Ешчэ Польска не згінэла”. Усе гэтыя песьні сьпявала эміграцыя.

У мэтраполіі ніводная зь іх ня стала афіцыйным гімнам. Рэўнасьць да эміграцыі. Праўда, быў абвешчаны конкурс. Разглядаліся і старыя мэлёдыі, і новыя. Нехта ўжо дзяліў у марах ганарары. Прапаноўвалася нават зрабіць дзяржаўным гімнам вядомы палянэз Агінскага з сучасным, адпаведным моманту, тэкстам. Можна было б адначасова някепска патанчыць, паколькі палянэз гэта ўсё ж танец. Хоць у суседзяў палякаў гімнам увогуле зьяўляецца мазурка, але гучыць вельмі па-баявому, калі крочыць ганаровая варта.

Праблема была ў тым, што савецкія беларусы ніколі, апроч застольных, песьняў на роднай мове не сьпявалі. Адно „Касіў Ясь канюшыну!” Савецкі гімн таксама толькі аднойчы быў выкананы дзяржаўным хорам, і фанаграмай потым усю рэспубліку будзіла радыёкропка пасьля шасьці раніцы. Таму простае для ўсіх суседзяў пытаньне з гімнам аказалася для беларусаў невырашальным. Увогуле непатрэбным.

Пакуль спрачалася ў газэтах інтэлігенцыя, на ўрачыстасьцях працягваў гучаць савецкі „Мы, беларусы, з братняю Русьсю” (гэта значыцца, самі з сабой, калі верыць Ф. Скарыну?). I сёньня гучыць, толькі бяз слоў. Нямы гімн. Беларусаў сваім часам „разбудзілі, сказалі, што трэба рабіць”, але не сказалі — як.

5.

Над праблемай як назваць беларускую мову і нас саміх пакутавала не адно пакаленьне нашых продкаў. А пытаньне самаідэнтыфікацыі, як вядома, вельмі важнае для любога народу. Сярэднявечны пісьменьнік Саламон Рысінскі, які пісаў на лаціне, сьмела называў сябе Leucorussus, г.зн. беларусам, паколькі „леўкас” — па-грэцку „белы”. Гэтаксама ў лацінскіх тэкстах ён называў і нашу краіну Лейкарусіяй. Сёньня гэты забыты наватвор можа нагадаць нам хіба пра „лейкэмію”.

Але, як і большасьць беларусаў, ён быў непасьлядоўным, пісаў, што яго „нарадзіла на мяжы Масквы” Русь. Мову ён увогуле называў „народнай” або „простай”. Давялося чакаць Адама Міцкевіча, які хоць і пагрэбаваў сам беларускай мовай, але пахваліў яе, заехаўшы дзеля гэтага ажно ў Парыж. Маўляў, яна з усіх славянскіх нібыта „самая гарманічная” й „чыстая”. Дарэчы, ён даў адначасова тры варыянты яе назвы, напісаўшы: „на беларускай мове, якую называюць русінскай або літоўска-русінскай...”. Носьбітаў мовы ён назваў „русінамі”, але — неверагодная рэч! — падаў пры гэтым сёньняшнюю лічбу беларусаў — дзесяць мільёнаў чалавек. Дзіўна, з другога боку, што нас так і ня стала больш за столькі часу.

Усе гэтыя ваганьні мелі вынік: цяпер частка беларусаў лічыць сваю мову „сапсаванай рускай”, другая частка — „сапсутай польскай”. I ніхто зь іх нармальна яе ня ведае. Усе яны нашчадкі Скарыны, які паспрабаваў агульную для шмат якіх славянскіх народаў кніжную — царкоўнаславянскую — мову ўпершыню разбавіць беларускай. Назва краіны, праўда, замацавалася. Носьбіты „трасянкі” тут не спрачаюцца. Аб спробах эміграцыі называць яе Беларутэніяй, Крывіяй або Вялікай Літвой ніхто не ўспамінае.

6.

Нашыя сярэднявечныя паэты карысталіся лацінскай мовай, як і ва ўсёй адукаванай Эўропе. Потым была польская. К. Каліноўскі надрукаваў сваю „Мужыцкую Праўду” па-беларуску, але лацінскім шрыфтам. Першая рэгулярная газэта „Наша Ніва” мела напачатку два тыражы — кірылічны й лацінскі, каб аб’яднаць тых, хто чытаў або „рускімі” або „польскімі” літарамі. Але ў рэшце рэшт нам пакінулі толькі „рускія”, каб ня блыталіся і „каб не развучыліся пісаць”.

Хоць па-беларуску пісаць па-ранейшаму амаль ніхто ня ўмее. Закон, паводле якога ўсё чынавенства павінна было пайсьці ў „першую клясу”, каб нарэшце вывучыць дзяржаўную мову, схавалі ў глыбокую шуфляду. Лацінскі шрыфт — як пропуск у Эўропу — атрымалі малдаване, нават азэрбайджанцы з узбэкамі. Нашыя газэты замест двух шрыфтоў маюць дзьве мовы, зь якіх беларускай часта нададзеная амаль музэйная роля. Музэйная мова, музэйная канстытуцыя, музэйная дзяржаўнасьць. А дзяржаўныя дзеячы — нібы васковыя фігуры з музэю неіснуючай краіны. Самае цікавае, што наведнікі, якія прыйшлі паглядзець на нежывых лялек, таксама быццам экспанаты.

У гэтым музэі, аднак, няма кніжак Скарыны, які спрабаваў навучыць чытаць па-беларуску сваіх землякоў. Раней фаліянты вабілі злодзеяў, як цяпер грошы або ювэлірныя вырабы. На экзэмпляры Скарынавай Бібліі, які захоўваецца ў маскоўскім Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў, ёсьць надпіс: „Книга сия Алексея Петровича Гладкова, а взята книга сия на Литовской земле в граде Гродно 26 августа 7163 (1655) г.”.

7.

Беларуская ідэя на пачатку нашага стагодзьдзя была акрэсьленая назвай газэты „Свабода”. Але да свабоды было далёка. Рэгулярна газэта пачала выходзіць толькі тады, калі свабода стала рэаліяй, хоць і нядоўгай. Выданьне праіснавала з 1990 да 1997 году. Адбылася падмена паняцьцяў, спрашчэньне, вульгарызацыя. Сёньня на сталічных вуліцах рэклямныя стэнды прапагандуюць цыгарэты словамі „Поўная свабода!”

Раней за сьвяткаваньне народнага сьвята Купальле хапала міліцыя. Цяпер — сьвяткуй колькі хочаш. Але беларусы болей не шукаюць у купальскую ноч кветку шчасьця, яны шукаюць учорашні дзень, змагаюцца за паказчыкі 90-га году, абвешчанага ў дзяржаве ўзорным. Хочуць пабудаваць хоць бы маленькі СССР, двойчы ўвайсьці ў адну раку...

Беларусы — народ бедны. Вядомы стэрэатып і даволі праўдзівы. У вас нічога няма, апроч бульбы й пяску. Праўда, нафта свая была, але хто яе бачыў, калі яе залівалі ў нафтаправод „Дружба”? Цяпер сказалі, што, наадварот, быццам бы, усё сваё ёсць — і алмазы, і золата, і ўранавая руда. Але зноў-ткі ніхто гэтаму ня верыць. Лепей быць беднымі! Таму мы любім тавары па картках, любім стаяць у чэргах. Усёй сьмеласьці хапае толькі на тэлефонны тэрарызм, які набыў нечакана вялікія маштабы.

8.

Выпадкова выкінутыя з гербу серп з молатам па-ранейшаму вісяць у нас над галовамі. Вялізныя, цяжкія. Чалавек пад такім цяжарам адчувае сябе як мінімум няўтульна, няпэўна. Больш за тое, краіна, якая ня мае ні гор, ні выйсьця да мора, заціснутая з усіх бакоў паміж суседзямі, стварае адчуваньне загнанасьці ў кут, пасткі. Тым больш краіна, сшытая зь дзьвюх частак калючым дротам, шнар ад якога не загаіўся дагэтуль.

У другой часткі — заходняй — дагэтуль застаўся гаркавы прысмак таннага тытуню ад пацалунка, атрыманага 17 верасьня. Сёлета плякат 60-гадовай даўнасьці быў зноў расклеены на платох: удзячны селянін-парабак узасмок цалуе чырвонаармейца-вызваліцеля. Ці, хутчэй, наадварот. Новая мода засталася надоўга. I сёньня ў тэлевізары мужчыны, асабліва дзяржаўнага рангу, цалуюцца паміж сабой значна часьцей, чымсьці мужчына з жанчынай.

Штосьці ў гэтай дзяржаўнасьці ўвогуле ня так. На першае вока, затрымаліся мы, „народзіны” былі запозьненыя, таму й вынік ня радуе. З другога боку, ідэя ўласнай дзяржаўнасьці сярод беларусаў як бы яшчэ й ня высьпела канчаткова, а значыцца й „народзіны” ў 1991 годзе атрымаліся заўчасныя. Здаецца, і людзі больш-менш як людзі. Мы ж не сланы або чарапахі, у якіх гэты працэс зацягнены. Але застаецца ўражаньне, што „яйка” зь дзяржаўнасьцю так і ня здолелі як мае быць сагрэць і выседзець.

Здаецца, што гэта разумее і самы галоўны беларус. Так часта можна пачуць пра клопат „аб чалавечаскіх яйцах”, аб курах-нясушках, аб тым, каб усім хапіла па дзясятку. Адзін пісьменьнік, натхнёны яго публічнымі выказваньнямі наконт яек, пачаў пісаць раман „Яйца”. Праўда, ня здолеў закончыць, паколькі яму ў эміграцыі не хапае ўражаньняў ад сапраўдных штодзённых рэалій краіны пад назвай Беларусь.

Яйкі, яйкападобныя істоты й прадметы часта трапляюцца на фантасмагарычных карцінах сярэднявечнага мастака Гіеронімуса Босха. Крытыкі ў адзін голас гавораць, што яйкі — сымбаль сэксуальнага жыцьця, якое вельмі хвалявала нідэрляндзкага мастака. Мужчынскіх пацалункаў на яго карцінах, праўда, няма.

9.

Каму б не хацелася жыць у сапраўднай беларускай дзяржаве — зь беларускай мовай, з дэмакратыяй, з эўрапейскім узроўнем? Нашы папярэднікі таксама хацелі, таксама марылі. Адзін заходнебеларускі мастак маляваў жыцьцё на Сатурне й Юпітэры, выдумляў казкі, у якіх на далёкіх плянэтах жылі беларусы ў нармальнай беларускай краіне.

Гэтая недасяжная мара вымусіла аднаго эмігранта купіць невялікі востраў, каб зрабіць яго для сябе міні-Беларусьсю, дзе заўжды лунае бел-чырвона-белы сьцяг. У Амэрыцы беларусы пабудавалі культурныя цэнтры, назваўшы іх — „Слуцак” і „Полацак”.

Неадчуваньне сябе па-сапраўднаму дома выклікае стрэс, у якім мы жывем штодня. Нам хочацца нармальнасьці. Але раптоўна табе прыходзіць ліст з-за мяжы, на якім штэмпэль: „СССР. г. Гродна”, дата й зорка зь сярпочкам-малаточкам. Ліст ва ўчорашні дзень, дзе мы жывем. I мы зноў робімся ўнутранымі эмігрантамі, якімі былі да абвяшчэньня незалежнасьці.

Скарына, пакаштаваўшы хлеба радзімы, зноў уцёк у эміграцыю, ужо назаўжды. Але пакінуў нам у якасьці натацыі хрэстаматыйную сэнтэнцыю: „Звери, ходящие в пустыни, знают ямы своя: птицы, летающие по воздуху, ведают гнезды своя: рыбы, плывущие по морю и в реках, чуют виры своя: пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають”.

10.

Кніга „Хрыстос прызямліўся ў Гародні” заканчваецца вельмі па-беларуску. Пасьля боек і крыві ўсё абціхае й спакайнее. Юду пасылаюць у краму па гарэлку, астатнія, каб не марнаваць часу, бяруць сявенькі, каб засеяць ніву. Разам з усімі Хрыстос узьнімаецца на пагорак, „як на вяршыню зямнога шару”. Насустрач яму сьвеціць „нізкае сонца”. Нібыта сьпісана з гербу... Сёньня можна было б дадаць: гарэлкі ў краме не аказалася, і Юда пайшоў шукаць самагон, каб не вяртацца з пустымі рукамі.

5 кастрычнiка 1999 г.


English resume   |   prezentacja w jez. polskim   |   беларускі зьмест   |   лучнасьць з рэдакцыяй