Словы ў голым полі

Аб новых каардынатах беларускай літаратуры

Time the destroyer is time the preserver.
Thomas Stearns Eliot, The Dry Salvages (1941)

Ян Максімюк

Пасьля лукашэнкаўскіх рэфэрэндумаў 1995 і 1996 гг. стала ясна, што ў беларускай літаратуры, калі яна мае выжыць і запэўніць сабе хоць якую-небудзь будучыню, мусяць наступіць кардынальныя зьмены. Старая (гэта зачыць, савецкая) літаратура, якая самой сілай інэрцыі магла яшчэ працягнуць два-тры дзесяткі гадоў у сувэрэннай Беларусі (тым больш, што на схіле 80-х і ў пачатку 90-х яна атрымала моцны „адраджэнскі штуршок”), усяго за два гады страціла грунт пад нагамі ды эстэтычныя арыентыры.

Па-першае, дзяржава адмовілася ад фінансавай падтрымкі літаратуры, гэтым самым паставіўшы беларускае прыгожае пісьменства перад аголенымі анталягічнымі пытаньнямі: быць ці ня быць і якім жа чынам? У шырэйшым кантэксьце, дзяржава цалкам адмовілася ад падтрымкі нацыянальнага мастацтва й культуры як праяваў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і як своеасаблівай эстэтычнай вязі для змацаваньня палітычнага рэжыму. Гаворка тут ідзе не пра псэўданародныя спэктаклі на інтэлектуальным узроўні калгаснага дому культуры (кшталтам „Славянскага базару”) альбо настальгічныя рэцыдывы брэжневізму (прыкладам, адзначэньне афіцыёзным Менскам юбілею савецкага сьпевака Кабзона й г.п.), а пра тое, што было найгалоўным аргумантам беларускай культурнай апрычонасьці ў савецкую эпоху — беларускую літаратуру, тэатар, кінэматограф. Спробы пераарыентацыі постсавецкай культурнай інфраструктуры на абслугоўваньне новай дзяржаўнай псэўдаідэалёгіі — панславізму — наступілі яўна запозна, калі асноўная маса нацыянальнай творчай інтэлігенцыі адчула сябе глыбока зьняважанай паставай рэжыму і духоўна прыгнечанай вынікамі рэфэрэндуму, які нанава змаргіналізаваў беларускую мову і адкінуў сымбалі сьвежа набытага сувэрэнітэту. Гэтыя факты моцна спрычыніліся да таго, што сёньня зьява духоўнага канфармізму й калябарацыянізму з рэжымам сярод творчай інтэлігенцыі ў Беларусі выступае ў даволі абмежаваным абсягу. Можна сказаць, што рэжым сам сабе адрэзаў шлях да сфармаваньня істотнай праслойкі прыслужнікаў у сфэры культуры, гэткім чынам даўшы беларускай інтэлігенцыі гістарычны шанец рэабілітацыі свайго жыцьцяпісу з савецкага часу. У агульнай выснове, гэта аптымістычная прыкмета лукашэнкаўскага пэрыяду.

Па-другое, лукашэнкаўская эпоха стала, калі можна так выказацца, трансцэндэнтным завяршэньнем разьвіцьця беларускай савецкай літаратуры. У постаці першага прэзыдэнта ў літаральным сэнсе матэрыялізаваўся ідэал героя сацрэалістычнай эстэтыкі, выяўленьнем якога шматпакутна займаўся інтэлектуальны авангард нацыі. Жыцьцё, як заўсёды, праявіла большую фантазію за літаратуру, агольваючы ўсю ейную (літаратуры) малапрывабнасьць і мізэрнасьць. У Беларусі наступіў ня крызыс літаратурнай эстэтыкі ці нейкага жанру, а проста крызыс рэчаіснасьці, якая ня здолела супрацьстаяць перанасычанасьці беларускай экасфэры ідэалягічным флюідам і сасьлізгнула ў нейкую паралельную (ці віртуальную) мэтарэчаіснасьць. Беларуская савецкая літаратура страціла свой асноўны рухавік — упэўненасьць у недасяжнасьці і незьдзяйсьняльнасьці сваіх эстэтычных ідэалаў. Прынамсі адзін ідэал быў дасягнуты і нават перадасягнуты, і белсаўлітаратура сканала ад сутыкненьня з жахам самазьдзяйсьненьня. За что боролись, на то напоролись. Гэта, у гістарычнай пэрспэктыве, таксама аптымістычная адзнака — усё ж існуе нейкая раўнавага ў прыродзе.

Па-трэцяе, ня менш аптымістычнае за па-першае й па-другое, беларуская літаратура ўрэшце перастала быць заложніцай аднаго маральнага імпэратыву, які нават самую жудасную графаманію ахінаў грамадзкім і палітычным арэолам ахвяры на алтар народу. Таго народу, якому, з увагі на яго памяркоўны й нешматслоўны характар, не пашэнціла займець сваіх Дантэ й Мілтана, Бальзака й Дастаеўскага, але якому конча трэба было даць „хоць Янку Купалу” ды, напрыклад, Ніла Гілевіча. Пасьля другога гістарычнага рэфэрэндуму стала ясьней яснага, што ахвяраваць няма дзеля каго, а сам ахвярнік можна больш эфэктыўна выкарыстаць для пячэньня бульбы й сала. Час-часам з гэтага прыгаслага ахвярніка яшчэ пыхне клуб дыму й хутка распусьціцца ў сіверных павевах над шэрай неабсяжнай пустэчай восеньскага калгаснага бульбянішча. Але з паднябеснай высі яму не адкажа курлыканьне жураўлінага ключа, які кіруецца на Палесьсе.

У гэтым голым полі беларускі пісьменьнік нарэшце знаходзіць доўгачаканую свабоду і тужлівы прытулак самотнага скрыптара. Прастора пісьма сталася небясьпечна тоеснай прасторы жыцьця.

Праблемай нумар адзін новай, маладой хвалі ў беларускай літаратуры канца 80-х і пачатку 90-х стаў пошук новага геаграфічна-гістарычнага ды інтэлектуальнага кантэксту для сваіх тэкстаў. Кантэкст нашаніўскага (правінцыйнага) адраджэньня, які няблага пасаваў да першых крокаў каапэратыву „Тутэйшыя”, быў сарамліва пакінуты, калі яго пачаў шпарка асвойваць значна лепш арганізаваны каапэратыў пад шыльдай „Саюз Пісьменьнікаў Беларусі”. Тады зьявілася новая каардыната — эўрапейская, а крыху пазьней больш удакладненая — цэнтральнаэўрапейская. Поўны спадзеву пагляд маладабеларусаў не напаткаў, аднак, арыентыра з надпісам „цэнтар Эўропы”, хутчэй за ўсё таму, што сёньня ён памешчаны не ў Эўропе, а недзе ў Амэрыцы, альбо, можа, у Інтэрнэце, гэта значыць, нідзе ў прыватнасьці.

На маю думку, праблемай нумар адзін беларускай літаратуры цяпер, у палове 1997, ёсьць ня столькі недахоп новых кантэкстаў, колькі новых тэкстаў. Калі мець на ўвазе былую сябрыну „Тутэйшыя” й цяперашняе Таварыства Вольных Літаратараў, дык усе іхнія gesammelte Werke можна прачытаць за два вечары: за першы вечар Глёбуса, а за другі ўсіх астатніх. Сёньня беларускае можа застацца незаўважаным і маргінальным не таму, што яно далей знаходзіцца на ўскраіне ад якогасьці цэнтру, а таму, што яно наогул знаходзіцца нягуста. Пэўным суцяшэньнем у гэтых неўрадлівых абставінах зьяўляецца даволі гучны й напорысты „Бумбамліт”, нешта накшталт маладнякоўскага фронту супроць глёбусаўска-бабкоўска-аркушаўскага ўзвышэнства. Спаборніцтва за віднае месца на родным бульбянішчы, трэба мець надзею, дасьць пры нагодзе й новыя тэксты, а ня толькі бляшаны бразгат.

Калі пастарацца адшукаць супольную пазнаку для колькасна мізэрнай, але стылістычна й сьветапоглядна разнастайнай беларускай постсавецкай літаратуры, адной зь іх напэўна будзе адсутнасьць нейкага ўцэнтраванага эстэтычнага ці маральнага арыентыра. У беларускую літаратуру прыйшоў час эстэтычна-маральнага рэлятывізму і амбівалентнасьці. Можна сказаць, што толькі цяпер беларускае прыгожае пісьменства пачало на практыцы засвойваць досьвед эўрапейскай літаратуры першай чвэрці ХХ стагодзьдзя, калі тая шукала (і знаходзіла) адэкватныя формы рэакцыі на крызыс рацыяналістычнага сьветагляду ХІХ стагодзьдзя. Эўрапейская зьняверанасьць і расчараванасьць разьвіцьцём цывілізацыі, што вылілася, між іншым, у мэтафізычны жах Франца Кафкі і экзыстэнцыяльны пэсымізм Джэймса Джойса, абмінула новаўзьніклую і ex definitione аптымістычна скіраваную ў будучыню літаратуру нашаніўскай пары. А пасьлярэвалюцыйная беларуская літаратура 20-х была пад ціскам эпахальных абставін настолькі бурапеннай і непераброджанай, што не пасьпела пакінуць па сабе прыкметнага асадку сумневу, зьняверанасьці ці роспачы. Потым, пастаўленая пад чэкісцкім пісталетам, альбо памірала маладой і нявысьпеленай, альбо завучвала граматычныя й ідэялягічныя правілы сацрэалізму ды ставала на прадукцыйны канвэер. І толькі сёньня, пасьля сямідзесяці гадоў, яна ўрэшце атрымала магчымасьць засумнявацца ў існаваньне нейкай цьвёрдай асновы наогул і адчуць сябе сьцішнавата перад неасвоенымі беларускім словам прасьцягамі мэтафізычнай пусткі. У гістарычнай пэрспэктыве, для літаратуры пачаўся пэрыяд сталеньня.

У вышэй згаданым сэнсе, наша беластоцкае адгалінаваньне беларускага пісьменства ўсё яшчэ знаходзіцца ў сваіх юначых гадох. У 60-я гады — на маю думку, найлепшым часе для літаратуры ведамай пад шыльдачкай „Белавежа” — адбылася своеасаблівая рэгіянальная перапастаноўка зьявы названай у беларускім літаратуразнаўстве „нашаніўствам”. Тыпалягічнае падабенства гэтых двух літаратурна-культурных народзінаў (віленскага „нашаніўства” й беластоцкага „ніўства”) настолькі вялікае, што пра адрозьненьні (непазьбежныя з увагі на часавы зрух і іншыя абставіны) няварта тут і згадваць. Варта затое прыгледзецца бліжэй самаму істотнаму падабенству.

60-я былі для беларускай вёскі на Беласточчыне апошняй дэкадай стабільнасьці, калі беларускі этнас існаваў усё яшчэ як асобнае грамадзка-культурнае і рэлігійнае цэлае (хоць незваротны працэс дыфузіі ў горад ужо быў пачаўся). Пасьля няпэўных 40-х (супроцьбеларускія акцыі польскага антыкамуністычнага падпольля, рэпатрыяцыя ў СССР) і 50-х (пагроза калектывізацыі сельскай гаспадаркі, сталінскія перагібы), у 60-я прыйшоў час спакою й адноснага дабрабыту ды, што вельмі істотна, паўсюдна адчуванага грамадзкага павышэньня беларуса ў сацыялістычнай рэчаіснасьці. Агульны настрой быў аптымістычны. Беларускае літаратурнае слова ў вясковым асяродзьдзі ўспрымалася даволі прыхільна; можна сказаць, што існавала пэўная зваротная сувязь паміж пісьменьнікам і чытачом (ці, больш верагодна, слухачом на аўтарскіх сустрэчах). Інакш кажучы, існавала грамадзкая патрэба ў літаратуры на беларускай мове. Беларуская літаратура ў Польшчы пачыналася ў абставінах жыцьцёвай гармоніі беларускага лёсу. Беларусы ў агульнай масе заставаліся вернымі сваёй натуры. Скрыўленьні беларускага лёсу й характару прыйшлі пазьней, разам з дэмаграфічна разбуральнымі працэсамі ў 70-я, у эпоху „другой індустрыялізацыі”. Потым ужо ўсе было ня так, як раней. З пэрспэктывы сёньняшняга дня, і віленскае „нашаніўства” бачыцца як пэрыяд (дзесяцігодзьдзе якраз!) гарманічнай адэкватнасьці беларускага лёсу і той літаратуры, якая яму спадарожнічала. Потым усё пайшло зусім інакш.

Беларуская літаратура ў Польшчы займела сваю маральную аснову й адначасова сэнтымэнтальную Аркадыю (ці, можа, Ітаку) ва ўсходняй паласе вясковай Беласточчыны, у беларускай малой айчыне, якую палякі назвалі sciana wschodnia. З пэрспэктывы гэтай ідэальнай ваколіцы, якая за 30 наступных гадоў зьмянілася ў нешта непазнавальна іншае, аўтары „Белавежы” глядзелі на ўвесь астатні сьвет і наступны час ды мералі свой жыцьцёвы досьвед меркай адэкватнай да рэчаіснасьці, якая назаўжды прапала. Ёсьць нешта глыбока сымбалічнае ў факце, што прадчуваньне сёньняшняй жахлівай катастрофы і ганьбы нашага этнасу мы знойдзем адно ў творчасьці Надзеі Артымовіч, паэткі амаль наглуха зачыненай ад рэальнасьці навонкі ейнай душы, а ня ў творах нашых іншых масьцітых „белавежцаў”, больш ці менш адкрытых на грамадзка-палітычны кантэкст свайго часу. Дарма што не пад сацрэалістычным пісталетам, беластоцкая беларуская літаратура ў агульным сваім рэчышчы, таксама як і савецкая, разыйшлася з плыняй часу, адпрэчыўшы магчымасьць сумневу і затрымаўшы дарагія сэрцу юнацкія ілюзіі.

90-я гады, якія прынесьлі істотныя зьмены ў агульным грамадзка-палітычным і культурным раскладзе беларускай энэргіі на Беласточчыне, не далі нічога такога ў літаратуры, што можна было б назваць падзеяй. Парадаксальна, 90-я сталі часам даволі добрага фінансавага забесьпячэньня беларускамоўнай літаратуры. Дзяржаўная датацыя дазволіла выдаць амаль усё, што надавалася для выдаваньня. Але выдавецкая дзейнасьць „Белавежы” была скіраваная перш за ўсё на тое, каб нагнаць мінулыя нішчымныя дэкады й замацаваць той вобраз літаратуры, які выразна абрысаваўся ўжо ў 60-х. Не адбылося нейкага яскравага й цікавага літаратурнага дэбюту. Зваротная сувязь у трыядзе аўтар-чытач-крытык не ўстанавілася. У грамадзкім вымярэньні, беларускае прыгожае пісьменства засталося зьявай маргінальнай і элітарнай.

Той згустак нацыянальнай энэргіі, што назьбіраўся ў беларускім студэнцкім асяродзьдзі 80-х, разрадзіўся ў палітычнай дзейнасьці пачатку 90-х і ў пазьнейшых грамадзка-культурных мерапрыемствах, якія, дарэчы, салідна падкарэктавалі вобраз беларускай мяншыні ў вачох палякаў. Але замест новай паэзіі ці прозы, у 90-я мы сталі сьведкамі звышпрадукцыі беларускай гістарыяграфіі.

Можна было б на заканчэньне наважыцца выказаць здогад, чаму ж гэта на нашых беластоцкіх гонях ня высьпелілася хоць каліўца нечага літаратурна падобнага ці паралельнага да мурожных разлогаў „Тутэйшых” і прыдарожных быльнягоў „Бумбамліту”. Адной з прычынаў гэткага стану можа быць наша колькасная нешматлікасьць. Для ўзгадаваньня нечага якасна новага трэба, відаць, каб грамадзтва было большае за пэўную „крытычную масу”, ніжэй якой яно перастае функцыянаваць як нармальны нацыянальны арганізм і працягвае існаваньне адно як рарытэт у батанічным садзе або як цікавінка ў этнаграфічным запаведніку. Магчыма, сёньняшняя наша маса ўжо ўпала ніжэй такой крытычнай адзнакі. Другая прычына, якую лічу больш верагоднай, можа ляжаць у нашым унутраным неўспрыманьні гораду як асноўнага habitat’у беларускага этнасу адсюль назаўжды. Мы не асвоілі гораду ў такой ступені, як гэта зрабілі нашы менскія суродзічы. А горад жа стварае ня толькі „ўраджайную глебу для прадбачваньняў” (Н. Артымовіч), але й высьпельвае цудоўныя кветкі сумневу й самоты.

Беласток, чэрвень 1997


English resume   |   prezentacja w jez. polskim   |   беларускі зьмест   |   лучнасьць з рэдакцыяй