Enter English resume of the issue
Wejscie do prezentacji numeru w jezyku polskim
Дзесяць гадоў без Галоўліту Напрыканцы ХХ стагодзьдзя беларускія палітыкі, падрахоўваючы вынікі мінулага дзесяцігодзьдзя, шырока выказваліся пра страчаныя магчымасьці 90-х гадоў. Высьвятляецца, можна было: і па іншаму сплянаваць перадвыбарчыя кампаніі, і іншых кандыдатаў вылучыць, і Шушкевіча, калі той быў старшынёю Вярхоўнага Савету, падтрымаць, і... Цяпер застаецца толькі разводзіць рукамі.Дзесяць гадоў назад раўнабежна палітычнаму развою, гэтак жа зь вялікімі надзеямі, пачало разгортвацца культурніцкае жыцьцё ў рэгіёнах. На жаль, і на гэтым фронце нацыянальнага будаўніцтва Беларусь не атрымала вялікіх перамогаў. У прапанаваным тэксьце я паспрабую разгледзець падзеі літаратурнага жыцьця, якія адбываліся на поўначы краіны, дакладней, на Полаччыне. Рэгіянальныя выдавецкія праекты ў Беларусі пачалі паўставаць дзесяць гадоў таму. Зьвязана гэта зь ліквідаваньнем у 1990 годзе Галоўліту — Галоўнага ўпраўленьня па справах літаратуры й выдавецтваў (у Беларусі Галоўліт паўстаў у 1922 годзе). Дэмакратычныя працэсы, якія набіралі моц у СССР, рашуча перапынілі працу „гэбэшнай” цэнзурнай установы, якая за саветамі пільна адсочвала кожную друкаваную літару. Да гэтага мастацкія кнігі ў рэспубліцы выдаваліся выключна ў сталічных выдавецтвах. Першым на Полаччыне абудзіўся Наваполацак. У маладым горадзе, які практычна зьяўляецца „спадарожнікам” старажытнага Полацку, існавала самае моцнае ў рэспубліцы літаратурнае аб’яднаньне. Працавала яно пры гарадзкой газэце „Хімік”, называлася „Крыніцы”. У склад літаб’яднаньня ўваходзілі: Уладзімер Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Лявон Баршчэўскі, Навум Гальпяровіч, Ірына Жарнасек, Алесь Аркуш, Лявон Неўдах, Якуб Лапатка ды шмат іншых сёньня добра вядомых літаратараў. Нават у сталіцы не існавала такога „зорнага” літаратурнага згуртаваньня. Доўгі час „Крыніцы” ўзначальваў Уладзімер Арлоў. Патэнцыйна навапалачане былі гатовыя да заснаваньня ўласнага літаратурнага часопісу. У іх быў нават адпаведны вопыт, бо ў 70-х гадох у Наваполацку Вінцэсь Мудроў са сваімі сябрамі-студэнтамі выдаваў рукапісны літаратурны альманах „Блакітны ліхтар”. Выйшла ажно 15 нумароў маладзёвага выданьня, але справа скончылася „гэбэшнай” разборкай і канфіскацый усяго творчага наробку. У 1990 годзе, як доўгачаканая веснавая ластаўка, зьяўляецца першы нумар літаратурнага альманаху „Ксэракс Беларускі” („КБ”). Альманах нараджаўся ў нелегальных варунках пры наяўнасьці Галоўліту, таму „КБ” друкаваўся ў Вільні. Сярод аўтараў першага нумару былі выключна „крынічане”. Менавіта ў гэтым выданьні ўпершыню зьявілася ў друку эсэ Уладзімера Арлова „Совершенно секретно” або адзін у трох іпастасях”. Заснаваў альманах і ўклаў першы нумар Алесь Аркуш, рэдактарам выступіў Вінцэсь Мудроў. „КБ” выйшаў тысячным накладам і праз маладзёвыя нацыянальныя суполкі, побач зь іншымі выданьнямі падобнага кшталту — альманахам „Літаратура”, бюлетэнем літаратурнага згуртаваньня „Тутэйшыя” „Кантроль” ды іншымі — распаўсюджваўся па ўсёй Беларусі. Другі нумар „Ксэракса Беларускага”, які пабачыў сьвет напрыканцы 1991 году, выйшаў цалкам легальна, памнажаўся ў наваполацкай друкарні, брашураваўся — у полацкай. Выдаўцы альманаху (усяго выйшла 6 нумароў, апошні быў надрукаваны ў 1996 годзе) мелі спадзеў, што на базе „КБ” з часам паўстане сур’ёзны, паўнавартасны рэгіянальны літаратурны часопіс. Аднак неўзабаве большасьць уплывовых наваполацкіх пісьменьнікаў, у тым ліку Ўладзімер Арлоў і Сяржук Сокалаў-Воюш, зьехала з Полаччыны, пасьля чаго казаць пра полацкі вялікі часопіс ужо не выпадала. Аднак спадзевы выдаўцоў „КБ” спраўдзіліся. Праўда, пры ўдзеле зусім іншых людзей. У 1993 годзе ў Наваполацку паўстае новае літаратурнае аб’яднаньне, Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ), якое згуртавала ў свае шэрагі больш за дваццаць пісьменьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі (пераважна з Полаччыны й Горадзеншчыны). На Ўстаноўчым сходзе ТВЛ быў заснаваны і друкаваны ворган літаратурнага аб’яднаньня — часопіс „Калосьсе”. Часопіс з падобнай назвай у другой палове 30-х выходзіў у Вільні і зьяўляўся галоўнай трыбунай беларускага інтэлектуальнага асяродку ў Заходняй Беларусі. Усяго за пяць гадоў выйшла 20 кніжак віленскага „Калосься”. На бачынах часопісу выступалі такія вядомыя культурніцкія постаці таго часу, як Уладзімер Самойла, Адам Станкевіч, Максім Танк, Натальля Арсеньнева, Антон Луцкевіч ды іншыя. Часопіс знаёміў сваіх чытачоў і зь лепшымі дасягненьнямі савецкай беларускай літаратуры. Вось, напрыклад, як рэдакцыя суправадзіла публікацыю апавяданьня Сымона Баранавых „Прысады” ў часопісе (кніжка 3, 1935): „Хоць ідэолёгія калгаснага ладу, выражаная ў „Прысадах”, ёсьць нам чужая, друкуем тут гэты твор дзеля яго мастацкае вартасьці і пазнаямленьня чытача з даволі выдатным беларускім пісьменьнікам.” Тэвээлаўскае „Калосьсе” не зьбіралася аднаўляць эстэтычныя традыцыі віленскага, аднак пэўную пераемнасьць падкрэсьлівала, бо ў першым сваім нумары, які пабачыў сьвет у 1993 годзе ў Пастаўскай друкарні, зьмясціла ўспаміны Андрэя Чэмера й Анатоля Іверса пра рэдактара віленскага „Калосься” Янку Шутовіча. Такім чынам на Полаччыне паўстала зусім іншае, што дасюль ня мела аналягаў, беларускае выданьне. Напачатку яно ўзяло курс выключна на радыкальную, найноўшую айчынную літаратуру. У гэтым самым годзе пачынаюць выходзіць кнігі ў Наваполацкай і Полацкай друкарнях. Першай беларускамоўнай кнігай, якая пабачыла сьвет у Полацку пасьля працяглага маўчаньня пад саветамі, стаў паэтычны зборнік „Тайніца” (1991). Пад адной вокладкай зборнік аб’яднаў вершы двух аўтараў — Алеся Аркуша й Паўла Бурдыкі. Неўзабаве адна за адной пачалі выходзіць кніжкі з тэвээлаўскай сэрыі „Паэзія новай генэрацыі”. Адмыслова дзеля гэтага праекту была ўтвораная выдавецкая суполка „Полацкае ляда”. Усяго выйшла 12 паэтычных зборнікаў. Некаторыя зь іх зрабіліся вядомымі на ўсю Беларусь: Юры Гумянюк „Водар цела”, Славамір Адамовіч „Зямля Ханаан”, Алесь Аркуш „Разьвітаньне з Танталам”, Юры Гумянюк „Твар Тутанхамона” ды іншыя. Вершы тэвээлаўцаў пачалі актыўна перакладаць на ўкраінскую й польскую мовы. З-за недахопу фінансаваньня „Калосьсе” сталася гадавіком. У новага выданьня хутка паўсталі свае традыцыі й прынцыпы. Па-першае, часопіс зрабіўся друкаванай пляцоўкай пераважна для рэгіянальных аўтараў. Больш за палову аб’ёму кожнага нумару аддавалася пісьменьнікам з правінцыі. Па-другое, пад вокладкай „Калосься” пачалі знаходзіць прытулак мастацкія творы, якія да гэтага атрымалі катэгарычныя адмовы (зь ідэалягічных або эстэтычных меркаваньняў) у дзяржаўных літаратурных часопісах. Такі лёс, напрыклад, напаткаў аповесьць „Эрагенная зона” й раман „Поўны керкешоз” Вітаўта Чаропкі, або фантасмагорыйку Ігара Сідарука „Як цётка Прузына нацыю шукала”. Па-трэцяе, часопіс падтрымліваў літаратараў-нефармалаў, якія вызначаліся сваёй нонканфармісцкай пазыцыяй і не ўваходзілі ў аморфны, безьініцыятыўны Саюз пісьменьнікаў (СП). СП за мінулыя дзесяць гадоў не заснаваў ніводнага новага беларускамоўнага літаратурнага выданьня — ні ў сталіцы, ні ў рэгіёнах. Выключэньнем можна назваць часопіс творчай моладзі „Першацьвет”, аднак гэтае выданьне нарадзілася дзякуючы асабістаму клопату пісьменьніка Алеся Масарэнкі. Толькі наваполацкаму паэту Навуму Гальпяровічу на непрацяглы час удалося зактывізаваць выдавецкую дзейнасьць мясцовых рэгіянальных сяброў афіцыйнага літаратурнага Саюзу. Ягонымі намаганьнямі была створаная Полацка-Глыбоцкая філія СП. Ён заснаваў і друкаваны ворган філіі — часопіс „Край”. Першы нумар новага выданьня пабачыў сьвет у Наваполацкай друкарні ў 1996 годзе. Кола аўтараў літаратурна-мастацкага альманаху было вельмі шырокае: ад клясыкаў беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна й Генадзя Бураўкіна да мясцовых пачаткоўцаў. У першым нумары „Краю” рэдактар зьмясьціў нават апавяданьне Франца Кафкі „Ператварэньне”, якое запрапанаваў „Краю” самы вядомы перакладчык Кафкі на беларускую мову Лявон Баршчэўскі. Рэдактар у прадмове да першага нумару пісаў: „Я думаю, што з матэрыялаў гэтага альманаху і, дасьць Бог, наступных, вы даведаецеся нямала цікавага пра наш край, пра яго гісторыю й сучаснасьць, пра тое, чым жывуць сёньня літаратура і выяўленчае мастацтва, што робіцца ў музэях і канцэртных залях, на раскопках ці ў цішы бібліятэк. Але мы ня хочам абмежавацца толькі гэтым. Наш славуты зямляк Скарына злучаў свой родны горад з Падуяй і Кракавам, Вільняй і Прагай. Як вядома, думка й Слова, глыбокае чалавечае пачуцьцё ня ведаюць межаў і не замыкаюцца геаграфічнай прапіскай”. Наступны нумар „Краю” выйшаў у 1997 годзе. На жаль, ён аказаўся й апошнім. Неўзабаве Гальпяровіч пераехаў у Менск. Ніхто зь мясцовых сяброў СП ня здолей перахапіць гэтую ініцыятыву. „Край” так і не дачакаўся падтрымкі ні ад мясцовых муніцыпальных уладаў (як гэта робіцца, дапрыкладу, у Польшчы), ні ад Саюзу пісьменьнікаў (бо выданьне паўставала як ворган адной з тэрытарыяльных філіяў СП), ні ад якой-кольвечы іншай улады або ўстановы. Праект перапыніўся на першых кроках. І толькі „Калосьсе” ўпарта выходзіла штогод. Яшчэ зь сярэдзіны 90-х рэдакцыйная калегія альманаху плянавала заснаваць новую кніжную сэрыю (аб гэтым неаднойчы пісалася й прамаўлялася), аднак толькі ў 1999 годзе паўстала „Бібліятэка часопісу „Калосьсе”. За год выйшла ўсяго тры зборнікі: Вінцэсь Мудроў „Зімовыя сны” (аповеды), Алесь Аркуш „Выбранае. Вершы і паэма 1988-1998”, Юры Гумянюк „Рытуал” (трэцяя кніга паэзіі). Да друку „Полацкае ляда” падрыхтавала яшчэ каля 10 кніг. Сярод іх зборнік прозы Ігара Сідарука „Квадратная варона”, літаратурная эсэістыка Алеся Аркуша „Выпрабаваньне разьвоем”, зборнік апошніх вершаў Леаніда Галубовіча, выбранае заўчасна памерлага Андрэя Пяткевіча „Шчасьлівым сканаць” і г.д. З-за недахопу сродкаў выданьне кніг затрымалася. Выдаўцы паспрабавалі ўтварыць уласную міні-друкарню, але ўсе памкненьні ў гэтым кірунку аказаліся марнымі, — ідэю каапэратыўнай друкарні ніхто не падтрымаў (ні дабрачынныя фонды, ні прыватныя асобы, ні творчыя саюзы). „Полацкае ляда” ня здолела нават набыць якасны ксэракс, які разьвязаў бы праблему дробнанакладнага друку. Раўнабежна Полацку на пачатку 90-х актыўна распачаў выдавецкія праекты невялічкі горад на самай поўначы Беларусі — Паставы. Ініцыятарам тутэйшых выдавецкіх праектаў выступіў мясцовы паэт і кіраўнік літаратурнага аб’яднаньня „Сьвітанак” пры газэце „Пастаўскі край” Алесь Касьцень. Гэтая ўнікальная зьява практычна невядомая на Беларусі. Ня ў кожным абласным беларускім горадзе на працягу ад 1991 да 1993 году выйшла столькі беларускамоўных кніг, колькі ў гэтым дваццацітысячным мястэчку. Прычым кнігі выходзілі пераважна тысячным накладам. Паставы й блізка ня мелі такога багатага творчага патэнцыялу як, напрыклад, Наваполацак ці Глыбокае. У цэнтральным друку на той час друкаваліся толькі два пастаўскія паэты — Алесь Касьцень, які выдаў у 1983 годзе ў „Мастацкай літаратуры” свой дэбютны зборнік „Зруб”, і Ігар Пракаповіч — ягонае імя на той час толькі пачало зьяўляцца ў беларускай пэрыёдыцы, першая кніга Пракаповіча „Рэха малітваў” пабачыла сьвет у сэрыі „Бібліятэка часопісу „Маладосьць” толькі ў 1993 годзе. Пастаўчане ў 1991 годзе засноўваюць і выдаюць у мясцовай друкарні палутаратысячным накладам першы нумар паэтычнага альманаху „Рунь”. У прадмове да выданьня рэдактар альманаху Алесь Касьцень піша: „Тыя, хто шукае паэзію ў дасканаласьці або наватарстве формы, у глыбіні філасофскага пранікненьня ў сутнасьць зьяў, могуць скептычна ўсьміхнуцца: правінцыйны гарадок, шэрасьць існаваньня — і адразу столькі паэтаў [сямнаццаць—А.А.]... Але ж убачыць прыгажосьць сьвету і разам з тым яго недасканаласьць, захапіцца прыгажосьцю і навекі страціць спакой ад недасканаласьці — няўжо гэта не паэтычны стан душы? І таму ў паэзіі правінцыі не бывае”. Усяго выйшла тры нумары „Руні”. Што прымусіла выдаўцоў спыніць выданьне? Відавочна, сваю ролю адыгралі адразу некалькі прычынаў. Пастаўская „Рунь” нарадзілася на хвалі абнаўленьня й дэмакратызацыі беларускага грамадзтва. У сярэдзіне 90-х, калі стала відавочна, што хуткай перамогі нацыянальныя сілы ў краіне не атрымаюць, у правінцыі сярод творчай інтэлігенцыі зноў запанаваў сум і расчараваньне. Да таго ж правінцыйныя выдаўцы стаміліся выдаваць кнігі ў пустку. Яны не адчувалі зваротнай сувязі, ня бачылі плёну сваёй працы. Сталічны друк амаль не пісаў пра правінцыйныя выданьні, літаратуразнаўцы зацята не заўважалі працу рэгіянальных літаратараў. Акрамя таго пастаўчане выбралі не зусім слушную канцэпцыю свайго пэрыядычнага выданьня. Па-першае, яны арыентаваліся выключна на сваіх аўтараў. Нават палачане былі вымушаныя далучаць да ўласных выдавецкіх праектаў прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў. Па-другое, паэтычны альманах заўсёды ўспрымаўся ў Беларусі нэгатыўна, такія калектыўныя зборнікі нават у друку называлі „брацкімі магіламі”. У „Руні” павінна была друкавацца і проза, і краязнаўчыя артыкулы, і літаратурная крытыка, інакш кажучы, на бачынах выданьня мусіла прысутнічаць жыцьцё мястэчка. Балазе, журналістаў і настаўнікаў літаратуры ў Паставах хапае. Па-трэцяе, пастаўчане саромеліся свайго правінцыялізму, яны імкнуліся зь яго некуды выскачыць, гэтага не атрымлівалася, і расчараваньне гасіла ініцыятыву. Алесь Касьцень у прадмове да „Руні-92” піша: „Правінцыялізм — справа рэальная, пераадольваць яго неверагодна цяжка”. Затое пастаўчане набылі ўнікальны досьвед адшукваньня ў родным мястэчку грошай на выдавецкія праекты. Усе свае кнігі яны выдалі за ўласны кошт. А іх, паўтаруся, выйшла нямала. У 1992 годзе пабачылі сьвет зборнік сатырычных паэмаў Алеся Касьценя „Правінцыялы” і кніга з вострасюжэтнай аповесьцю гэтага самага аўтара „Золата дзядулі”, праз год брашурай выйшаў гістарычны нарыс „Лынтупы і навакольле” мясцовага краязнаўцы Іосіфа Быхаўца, ды іншыя выданьні. Аднак усе гэтыя кнігі ў Беларусі засталіся незаўважанымі. Ад 1993 году мясцовыя выдавецкія праекты ў мястэчку былі спыненыя. Пастаўскія пісьменьнікі зноў пачалі вазіць свае рукапісы ў сталіцу. Нешта падобнае здарылася і з выдавецкімі ініцыятывамі ў Лепелі. Лепельчане таксама заснавалі свой альманах. Ініцыятарам рэгіянальнага выданьня сталася мясцовая паэтка Вера Бародзіч, старшыня літаратурнага аб’яднаньня „Выток”. Праўда, у сваім альманаху правінцыйныя выдаўцы зьмяшчалі ня толькі вершы, але й гумарэскі, празаічныя мініятуры, кароткія апавяданьні. Аднак як і ў „Руні”, у лепельскім альманаху друкаваліся выключна свае аўтары. Кожны альманах атрымліваў асобную назву. Найбольш удалым атрымаўся „Наступіць дзень...” (1992). Мэту выданьня выказала ў прадмове Вера Бародзіч: „Нам вельмі хацелася б, каб кніга змагла выклікаць нейкія думкі, спрэчкі наконт вартасьці мастацкага слова, народжанага на Лепельшчыне”. Надзеі лепельскіх правінцыйных пісьменьнікаў таксама ня спраўдзіліся. Вартыя ўвагі і выдавецкія праекты Браслава. Іх зьдзяйсьнялі супрацоўнікі Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музэю Кастусь Шыдлоўскі й Алесь Панцялейка. У 1993 годзе ў мясцовай друкарні яны выдалі дапаможнік па гісторыі Беларусі для настаўнікаў сярэдніх школ „Наш край — Браслаўшчына”. У 1996 годзе браслаўскія гісторыкі заснавалі гістарычны зборнік „Браслаўскія сшыткі”, які спарадычна выходзіць да сёньняшняга дня. |