Enter English resume of the issue
Wejscie do prezentacji numeru w jezyku polskim
ЗА ГАДЫ СВАЙГО СТАЛЕНЬНЯ — 1989-1999 — маё пакаленьне
выказалася ў практычна кожнай справе, якая датычыла
нашай беластоцкай супольнасьці. Наша слова наагул было
перанасычанае адраджэнскім флюідам — мы растваралі свой
высілак у палітычна-культурна-асьветніцкай працы, эфэкты
якой выпраменьваюць станоўчыя ўзоры й па сёньня.
Галоўным арыентырам у нашым адраджэньні быў прынцып, што
рабіць трэба самім і, перш за ўсё, дзеля сябе. Гатовых
прыкладаў у гарадзкім сьвеце, які мы спрабавалі асвоіць,
было вельмі-вельмі няшмат. Выхаваньне й досьвед, набытыя
ў месцы, якое выносіцца ў назву нашага выдавецкага
праекту, былі і застаюцца нашай найважнейшай
каштоўнасьцю, спадзевам і зброяй. У названы пэрыяд
у беластоцкім мікракосмасе прайшла апошняя хваля
перамяшчэньня беларусаў у горад, а ў астатняй
частцы сьвету — пачалася тэхналягічная эра. Перамяшчэньне
даканала вёску як галоўнае апірышча беларушчыны, а эра
hi-tech спарадзіла шмат сацыялягічных прадказаньняў
пра растварэньне малых народаў у глябальным тыглі ды
зьнікненьне іхных моваў з плянэты. Прадказаньні гэтыя,
хоць і добра гучаць ды глядзяцца ў тэкстах злому
стагодзьдзяў, ня ставяць галоўнага нам пытаньня ды не
набліжаюць адказу на яго: А калі заставацца беларусамі
ў гэтым сьвеце, дык якім жа чынам?
Усе нашы пачыны неяк падсьвядома кружаць вакол гэтага пытаньня. Паміж намі й нашымі аднадумцамі ў Беларусі заўжды быў працягнуты дрот — раз быў ён калючы, іншым разам больш гладкі, як электрапастух. Аднак ніякі рэжым і ніякі лібэралізм гэтых агароджаў ня зьнёс. Нават не памкнуўся зьнесьці. Пераадолеў іх толькі дух і тэхнічныя прылады новай эпохі. Невыпадкова на старонках часопісу называюцца месцы фізычнага жыхарства аўтараў і рэдактараў. Яны расьцярушаныя па адасобленых беларускіх выспах, але ў той жа час — усе падключаныя ў адзін сэрвэр беларускай літаратуры ці, шырэй, культуры. У выніку, перад намі новая магчымасьць і новы кантэкст, каб свой лёс насыціць таксама — а можа й перш за ўсё — эстэтычным флюідам, безь якога немагчыма наблізіцца да адказу на наша экзыстэнцыяльнае пытаньне. А. Максімюк |